Капішча

Сакавік 20, 2009

Цудоўны дзень, альбо Шыхт мусіць быць роўным

Filed under: таталітарызм, я — biespartyjny @ 2:59 am

Нешта зазвінела. Ачухаўся з ночы. Бягу да тэлефона. “Алё, гэта з ваенкамату. Чаму не прыйшлі па павестцы? Штраф хочаце?” Адказваю, што ніякіх павестак не бачыў. Запрашаюць а другой гадзіне ў ваенкамат. Адказваю, што не магу, і наогул я не ўпэўнены, што мне звоняць менавіта з ваенкамату, а не злодзеі якія-небудзь. З таго боку баба вішчыць: “Добра. Мы на вас участковага прышлем, хай разбіраецца з табой, калі такі разумны!” Адказваю, што быў бы не супраць пазнаёміцца з сваім дзяржаўным абаронцам. Кароткія гудкі ў слухаўцы.

Сёння я не іду на працу. Менавіта а другой гадзіне ў каледжы будзе размеркаванне. Насамрэч, пад такой назвай хаваецца звычайны тэст на “грамадскую адэкватнасць” новых рабоў. Не першы і не апошні крок па дарозе ў пекла татальнай асабістай несвабоды. “Прадстаўнікі арганізацый” (г.зн. рабаўладальнікі) шукаюць сабе “маладых спецыялістаў” (г.зн. рабоў) для іхняй “адаптацыі ў працоўнай дзейнасці” (г.зн. эксплуатацыі). Але гэта ўсё вы ведаеце.

Няма ахвоты хоць штосьці рабіць. Валяюся да 13:00 у ложку, сёрбаючы гарбату і пакідаючы ў ЖЖ і на форумах нікому не патрэбныя каментарыі. Лакальная дэпрэсія. Упэўніваю сябе ў кепскім выніку чаканай “аперацыі”. Так лягчэй: гаўно не здзівіць, а добрая навіна стане вельмі добрай навіной. Але ўжо ведаю: у гэтай сістэме няма месца жаданням, ёсць толькі прымус і згода. Ці нязгода.

Час ісці. Хутка збіраюся і лячу на месца разбору мяса. Натоўп на другім паверсе. Усе на нервах. Мне похуй. Раней я хваляваўся агрэсіўна, з калатуном. Цяпер ад хвалявання арганізм выкарыстоўвае іншы механізм – татальны пахуізм і соннасць. Стаю і, пазіхаючы, углядаюся ў вочы аднагрупнікаў. Напружаныя, удаюць спакой і весялосць – не выходзіць. Усе чакаюць цуду – зацвярджэння лістоў з прыватных прадпрыемстваў – дарма.

Спецыфіка маёй плыні ў тым, што мы спалучаем два складнікі “педагог-праграміст”. Зважаючы на прэстыжнасць апошняга складніка і збыдлячанасць першага, усе спрабуюць размеркавацца на “праграмісцкія” месцы – менскія фірмы, якія працуюць на заходніх замоўцаў, даюць добрыя перспектывы росту, высокі пачатковы заработак (~500-600$ для пачаткоўца) і незалежнасць ад эканамічных прыхамацяў мясцовых князькоў. Але ў Касцюковічах і Баранавічах ёсць вакантныя месцы, і гэта крэсліць усе вашы планы. У дзяржавы замова. Вы ёй павінны. Вы ёй павінны за бясплатную адукацыю. Гэта яна дала вам магчымасць вучыцца, а не бацькі, якія спраўна плацяць падаткі. Гэта яна – sacrum, дзеля якога ўсе мусяць ахвяраваць сваімі сем’ямі і жыццямі. Гэта яна – сэнс усяго гвалту, панурая суддзя, якая зачытвае прысуд.

У загон аднаго за адным, як быдла, заводзяць студэнтаў. Хто лепш вучыўся, той ідзе першым. Хто горш, той апошнім. Вялікі бенефіт – у першых больш шанцаў размеркавацца “ў дупу”, апошнія спадзяюцца, што месцы размеркавання скончацца перад імі. Дарма – рабы патрэбныя ўсюды.

Удыхнуў! Уваходжу напрыканцы. Рэктар. Куратар. Кіраўнічка аддзялення. Загадчыкі кафедраў ды іншыя. Мент… відаць, хоча ўзяць кагосьці ў мянтоўскае рабства. Хачу запытаць, ці бяруць нядобранадзейных, якім адносна нядаўна рукі круцілі, але стрымваюся. Імя. Прозвішча. Сямейнае становішча? Жанаты. Фірма? Прыватная. Няма дамовы. Пойдзеш да нас на ВЦ, лабарантам. Кажу, што сямейны, маю патрэбу ў грошах, а не ў нястачы працы. Усім трэба. Наступны. Выдыхнуў!

“Дамова”. У цябе ёсць дамова ці няма дамовы? Гэх, каб у мяне была дамова… Дамова становіцца чымсьці жаданым і недасяжным. Адміністрацыя каледжа шантажуе прыватныя фірмы, маўляў, калі яны хочуць, каб да іх адпусцілі моладзь, то яны павінны нешта “даць”: паставіць новы клас з кампутарамі, зрабіць рамонт, правесці комплекс заняткаў… Фірмы ў святле крызісу панура маўчаць. Часам, вядома, можна і проста “даць”. Напрыклад, рэктару. Але гэта яшчэ трэба ўмець: не кожнаму, хто спрабаваў, удалося – ого, цэлая навука!

“Няма дамовы”. Гучыць, як прысуд. “Няма дамовы”. Будзеш рабіць за 300 тысяч. “Няма дамовы”. Забудзься пра сваё жытло. “Няма дамовы”. Прыдумай, як будзеш вяртаць узяты крэдыт. “Няма дамовы”. Уяві сябе прадметам і прадайся як мага даражэй. Стань прастытуткай.

Пошук дамовы заключаецца ў пошуку “спонсара”, “дзядзечкі”, які гатовы ўкласці ў прыладу працы пад назвай “малады спецыяліст” 10 капеек, каб заўтра выціснуць з яго рубель. Чымсьці гэтая аперацыя падобная да прастытуцыі, хоць і няма (?) сексуальнага элементу.

У мяне няма дамовы. Я сямейны. Мне трэба грошы. Усім трэба грошы. Ім похуй. Мне таксама. Выдыхнуў…

Распавядаю пра ўсё. Няма каму шкадаваць – ва ўсіх тое самае. Кожны са сваёй бядою. Іду дадому. Вырашаю, што забяру дакументы з каледжа. Дыплом мне насамрэч не трэба. Маю працу, маю жыццё, маю хлеб. Можа, праз пару гадоў дакончу, а пакуль застануся з 9 класамі. Мне похуй. Галоўнае, што гэтыя “толькі 9 класаў” не адбіліся на маім худым бледным твары.

Распавядаю аднагрупніцы пра сваё рашэнне. Адгаворвае: “трэба рабіць, як усе”. Выю ад злосці. Ненавіджу размаўляць з слабымі – тады адчуваю і сваю слабасць, якая толькі шукае шляху, каб праявіцца, намовіць сумленне на здзелку. Мне похуй. Я сказал.

Вечар. Горад. Як справы? Усё кепска. Што кепска? Усё.

Гамана пра БНР, БССР ды іх палітычных прастытутак перарываецца доблеснай абслугай кавярні, якая раптоўна чуе нейкія крамольныя словы. Дарма, што не разумее іх сэнсу, але звінавачвае нас у незаконным палітычным зборышчы. Глядзім у яе мутныя вочы. Спачывай, чалавек, ты не прайшоў выпрабавання гвалтам.

Цёмна. Зоры. Шпацыр праспектам. Нас паглынае падземка. Зноў вайна. Жаўнер трывае – дзякуй. Я хачу верыць у выбраны шыхт, але не магу. Шыхт мусіць быць роўным, а ён не такі.

Дзе быў так доўга? У пекле. А сур’ёзна? Лепш не пытайся. Крыўда. Хачу спаць. А замест гэтага пішу гэты пост.

Верасень 28, 2008

Апавяданні бабулі пра вайну

Filed under: таталітарызм — biespartyjny @ 11:56 pm

Продкі мае з Калядзічаў, што пад Менскам. Тэрыторыя была ўжо даўно і па самыя гланды засаветызаваная: вакол калгасы, партработнікі і сталін у галаве. Адно ратавала, што менавіта ў гэтай вёсцы чамусьці не арганізоўвалі калгасаў (не было асабліва зямлі – “пашчасціла”). Прадзед мой – Антон – не паспеў эвакуявацца ў СССР і застаўся ў сваёй вёсцы чакаць наступных акупантаў. Дый дзякуй Богу, бо шмат тых эшэлонаў, якія пайшлі на Усход, былі разбітыя па дарозе нямецкай авіяцыяй.

Новы нямецкі парадак, вядома, запатрабаваў кваліфікаваных кадраў для падтрымкі тэхнічнай моцы Райха. Такім “кадрам” быў мой прадзед: яшчэ за Саветамі працаваў начальнікам чыгуначнай станцыі і наогул на тыя часы быў досыць адукаваным і цікаўным чалавекам. Таму нядзіўна, што яго новыя ўлады “аўтаматычна” перавялі на ўжо сваю пасаду загадчыка станцыі. А станцыя была вялікая, стаяла на шляху Берлін – Масква і была статэгічна важнай.

Сям’я жыла літаральна каля рэек, якія цягнуліся на фронт і неслі матэрыяльную падтрымку і жаўнераў біцца з савецкімі войскамі, у чырвоным драўляным доме, які і цяпер стаіць на тым самым месцы (праўда, насельнікі ўжо не тыя). Дом быў падзелены на дзве часткі: у адной жыў Антон са сваёй сям’ёй, а ў другой – ваенны камендант станцыі, якога прыслалі па лініі Вермахта. Сам ён быў чэхам, і мабыць не надта жадаў ліць кроў за нямецкую зброю. Але пра гэта пазней.

Кожная вайна неразрыўна звязаная са смерцю і палоннымі. Гэтая – не выключэнне. Зімой на станцыю пачалі прывозіць першыя вагоны з палоннымі савецкімі салдатамі. Усё болей і болей, усё новыя і новыя саставы… Неўзабаве нямецкія ваенныя ўлады пачалі выкідваць людзей проста на снег гурбамі… Адчынялі засаўкі і прыказвалі палонным класціся на снег, адзін на аднаго. Ставілі пару аўтаматчыкаў, каб пільнавалі патэнцыйных уцекачоў, і гналі кудысьці вызваленыя вагоны. Праходзіла гадзіна, дзве, тры… Потым прывозілі яшчэ палонных і кідалі іх на ўжо замерзлых. Бабуля кажа, што яшчэ праз пару дзён можна было пачуць стогны паміраючых людзей. Пэўна, пад цяжарам верхніх пластоў ніжнія адаграваліся і пачыналі ў паўпрытомнасці енчыць… Усё гэта адбывалася за пяць метраў ад вокнаў хаты Антона. Асабліва страшна было ноччу. Ці была гэта праява зверскасці фашыстаў? Думаю, не. Мабыць, гэта была праява практычнасці немцаў, бо вагоны ім былі патрэбныя для вайны, а з такой колькасцю палонных яны не ведалі, што рабіць. Бліцкрыг жа не ўдаўся… Гэта пасля ўжо Райх арганізуе шэраг канцэнтрацыйных лагераў у ваколіцах, каб утрымліваць захопленых людзей, а пакуль…

Аднойчы адзін з палонных наважыўся ірвануцца з гібельнай гурбы паўмёртвых людзей і пабегчы. Удалося. Немцы, якіх паставілі ахоўваць смяротнікаў, не наважыліся далёка адбягаць, каб іншыя не разбегліся. Пастралялі ўслед, але на шчасце не трапілі. Той уцякач потым схаваўся ў адной жанчыны і пасля вайны там і застаўся жыць. Варта выкарыстаць найменшы шанец, калі іншага няма.

Бабуля ўспамінае, як ехалі салдаты Трэцяга Райху на фронт. Эшэлоны з імі часта спыняліся для прыстанку ў Калядзічах. Як кажа бабуля, самымі вясёлымі і спакойнымі былі італьянцы. З імі можна было нават гуляць, яны гралі на губных гармошках, насілі капелюшы з пёрамі і частавалі цукеркамі. Немцаў жа варта было баяцца. Яны глядзелі на тутэйшых як на людзей нізкага гатунку і дазвалялі сабе і перацяць каму з беларусаў за нішто, і нават каго за якое ліха падстрэліць. І ўжо найстрашэннейшымі былі фармаванні СС. Калі яны спыняліся на станцыі, уся вёска хавалася па хатах, бо тыя дзеля забавы маглі страляць у мясцовых жыхароў, нават дзяцей… Салдаты Трэцяга Райху былі людзьмі.

Прадзед мой супрацоўнічаў з савецкімі партызанамі. Вядома, займаная ім пасада прадугледжвала веданне многіх патрэбных савецкім партызанам звестак. Часам гэтыя звесткі высылаліся, укладзенымі ў нейкую ручку, з дочкамі, якім давалі гэтую ручку і казалі аднесці аднаму родзічу, які жыў у суседняй вёсцы Шчытомірычы. Дзеці не здагадваліся, што яны неслі свайму дзядзьку, які быў сувязным у саветах. А бывала, што партызаны самі наведвалісяя да Антона. І хоць гэта падстаўляла ўсю сям’ю пад смерць, але партызаны слухаць нічога не хацелі. І вось аднойчы гэтыя ваякі прыйшлі да прадзеда, паставілі свае стрэльбы ў кут і селі за стол – есці (тыпу дабравольна, ага). Як на тое ліха, увайшоў да Антона камендант, той чэх, і ад убачанага абамлеў. Партызаны таксама. Пастаяў крыху, ды пайшоў моўчкі. Партызаны ад страху паджаўшы хвасты пахапалі свае ружжы ды пабеглі ў лес. А сям’ю, якую падставілі пад расстрэл, кінулі сам-насам змагацца з нясцерпным чаканнем. Неўзабаве прыйшоў той чэх… і сказаў: “Добра, Антон, што гэта я быў. А каб хто іншы?” і палэпаўшы па плячы пераляканага прадзеда, патупаў з хаты. Болей партызаны не наважваліся сюды з’яўляцца. Не чакай ласкі ад любых акупантаў.

А есці не было чаго, і партызаны пра гэта ведалі. Елі абчысткі бульбы, шукалі ў палях паўгнілыя бручкі, соль бачылі гады ў рады, елі ўсё, што расце.

Аднойчы праезны немец зайшоў у хату, дзе гуляліся Антосевы дзеці. Пачаў з імі цацкацца, пытацца, тыцкаючы пальцам у нябачаныя раней рэчы: “А гэта што? А гэта?” Дзеці спраўна адказвалі. Аж калі немец тыцнуў у расліну і адно з дзяцей радасна адказала “Фікус”, той раз’юшыўся. Дагэтуль не разумеем, што яму не спадабалася… Ці то ён паблытаў сказанае з раней недзе пачутым “выкусь”, ці што… Карацей, гэты фрыц пачаў строіць сям’ю, каб страляць. Дзякуй Богу, гвалт гэты пачуў камендант станцыі, які прыбег на дапамогу, доўга ўгаворваў немца не чыніць благога і ўрэшце ўгаварыў. Той толькі са злосці шпульнуў у печ, на якой і дагэтуль ёсць сляды ад тагачасных куляў.

Той чэх ведаў пра тое, што Антон перадае звесткі партызанам праз свайго родзіча. Аднойчы ён прыйшоў да яго і сказаў яму, што заўтра таго сувязнога немцы будуць “браць”, бо празналі пра яго дзейнасць. Вядома, прадзед адразу ж перадаў інфармацыю таму дзядзьку. А ў таго якраз у хаце размясціліся немцы. Пачаў ён думаць, як збегчы ўсёй сям’ёй з-пад іх носу? І прыдумаў: яны сказалі, што ў яго дачкі дзень народзінаў, і таму сёння ўвечары будзе гулянка. Дасталі гарэлкі, закалолі мяса… Зладзілі п’янку. Немцы ўсе панапіваліся да візгу. Тым часам дзядзька пагрузіў падводу рэчамі, пасадзіў сям’ю ды спакойна ўначы ўкаціў у бліжэйшы лес да партызан. Трэба думаць нестандартна.

Чэх той, як бачым, чалавекам быў добрым. Трапіў на вайну, відаць, не па ўласным жаданні. Часта ўзгадваў сваю сям’ю. І ўрэшце, пэўна, не вытрымаўшы нягодніцтва, якое чынілася вакол, пайшоў рубіць дровы і адсек там сабе руку. Каб камісавацца і паехаць дамоў. Контраразведка ў той дзень доўга бегала па станцыі і крычала, што чэха расстраляюць, бо ён трапіць пад трыбунал. Але неяк абыйшлося, і той паехаў дамоў. Заставаўся год да новай акупацыі. Заўжды ёсць шлях вызвалення ад пачварнасці. Толькі ці гатовыя мы плаціць цану?

У вёсцы жылі нямецкія салдаты, і хто-ніхто з беларусак гуляў з імі. Часта можна было ўбачыць тую-сюю ўвечары пад ручку з якім салдатам ці генералам. Але нядоўга бавіліся. Забілі партызаны. Знайшлі іх галовы на рэйках… Дарма, што пасля вайны ім пасмяротна далі ўзнагароды за выдатную выведніцкую дзейнасць… Не спяшайцеся ставіць крыж на людзях. Магчыма, яны вас яшчэ здзівяць.

На дачок нямецкі камісарыят і беларускія калабарацыйныя арганізацыі выдавалі паёк, які часта ратаваў нашу сям’ю ад смерці. І дагэтуль пасведчанне аб нараджэнні маёй бабулі пакрытае тоўстым пластом нямецкіх і беларускіх пячатак. Не вінавацьце калабарацыянераў. Яны рабілі, што маглі.

Як пачаўся захоп аколіцаў саветамі, пачалася “падрыхтоўчая апрацоўка” мясцовасці бомбамі. Здавалася, што бомбы рвуцца кожную хвіліну. Усе хаваліся па зямлянках і акопах. Зрэшты, цяпер ужо немцы нават пушчалі тутэйшых да сябе ў хованкі. Трэсліся, баяліся, як усе. Перад вобразам смерці людзі мяняюцца.

Антон перад бамбардзіроўкай усе рэчы з хаты перанёс у выкапаную дзеля гэтага зямлянку. Перанёс – і ў наступную бамбардзіроўку бомба трапіла роўна ў гэтае месца. У яго анічога не засталося, толькі голыя сцены… Не кладзі яйкі ў адзін кошык.

Калі ў вёску ўляцела савецкая кавалерыя, сярод коннікаў былі два стрыечныя браты маёй прабабкі. Тая выкапала нават з гэтай нагоды бутэльку гарэлкі, якую раней закапалі ад немцаў. Выпілі разам з імі, і тыя паскакалі далей. У той жа дзень яны загінулі. Не шкадуй рэчаў і грошай. Можа так стацца, што заўтра знікне той, каму яны могуць спатрэбіцца.

Антона пасля вайны, дзіва што не краналі. Не гледзячы, што быў “калабарацыянерам”. Мабыць, па партызанскай лініі рэабілітавалі.

Вільгельм Кубэ пра партызанаў

Filed under: таталітарызм, цытаты — biespartyjny @ 11:54 pm

Масавыя расстрэлы або паленне жанок і дзяцей не маюць нічога супольнага з гуманным вядзеннем вайны. Колькасць вёсак, знішчаных у часе вялікіх паліцэйскіх аперацыяў, перавышае колькасць вёсак, спаленых партызанамі… Калі такімі метадамі дзейнічаць і надалей, няма чаго разлічваць на ўціхаміранне краю… Карныя аперацыі часам пераўтвараюцца ў крывавыя оргіі… Дагэтуль, апроч абяцанняў, у якія не верыць ужо ніхто, мы практычна не даём нічога народам Усходу.

Рапарт Кубэ берлінскаму кіраўніцтву. Жнівень 1943 г.

Blog at WordPress.com.