Капішча

Сакавік 20, 2009

Цудоўны дзень, альбо Шыхт мусіць быць роўным

Filed under: таталітарызм, я — biespartyjny @ 2:59 am

Нешта зазвінела. Ачухаўся з ночы. Бягу да тэлефона. “Алё, гэта з ваенкамату. Чаму не прыйшлі па павестцы? Штраф хочаце?” Адказваю, што ніякіх павестак не бачыў. Запрашаюць а другой гадзіне ў ваенкамат. Адказваю, што не магу, і наогул я не ўпэўнены, што мне звоняць менавіта з ваенкамату, а не злодзеі якія-небудзь. З таго боку баба вішчыць: “Добра. Мы на вас участковага прышлем, хай разбіраецца з табой, калі такі разумны!” Адказваю, што быў бы не супраць пазнаёміцца з сваім дзяржаўным абаронцам. Кароткія гудкі ў слухаўцы.

Сёння я не іду на працу. Менавіта а другой гадзіне ў каледжы будзе размеркаванне. Насамрэч, пад такой назвай хаваецца звычайны тэст на “грамадскую адэкватнасць” новых рабоў. Не першы і не апошні крок па дарозе ў пекла татальнай асабістай несвабоды. “Прадстаўнікі арганізацый” (г.зн. рабаўладальнікі) шукаюць сабе “маладых спецыялістаў” (г.зн. рабоў) для іхняй “адаптацыі ў працоўнай дзейнасці” (г.зн. эксплуатацыі). Але гэта ўсё вы ведаеце.

Няма ахвоты хоць штосьці рабіць. Валяюся да 13:00 у ложку, сёрбаючы гарбату і пакідаючы ў ЖЖ і на форумах нікому не патрэбныя каментарыі. Лакальная дэпрэсія. Упэўніваю сябе ў кепскім выніку чаканай “аперацыі”. Так лягчэй: гаўно не здзівіць, а добрая навіна стане вельмі добрай навіной. Але ўжо ведаю: у гэтай сістэме няма месца жаданням, ёсць толькі прымус і згода. Ці нязгода.

Час ісці. Хутка збіраюся і лячу на месца разбору мяса. Натоўп на другім паверсе. Усе на нервах. Мне похуй. Раней я хваляваўся агрэсіўна, з калатуном. Цяпер ад хвалявання арганізм выкарыстоўвае іншы механізм – татальны пахуізм і соннасць. Стаю і, пазіхаючы, углядаюся ў вочы аднагрупнікаў. Напружаныя, удаюць спакой і весялосць – не выходзіць. Усе чакаюць цуду – зацвярджэння лістоў з прыватных прадпрыемстваў – дарма.

Спецыфіка маёй плыні ў тым, што мы спалучаем два складнікі “педагог-праграміст”. Зважаючы на прэстыжнасць апошняга складніка і збыдлячанасць першага, усе спрабуюць размеркавацца на “праграмісцкія” месцы – менскія фірмы, якія працуюць на заходніх замоўцаў, даюць добрыя перспектывы росту, высокі пачатковы заработак (~500-600$ для пачаткоўца) і незалежнасць ад эканамічных прыхамацяў мясцовых князькоў. Але ў Касцюковічах і Баранавічах ёсць вакантныя месцы, і гэта крэсліць усе вашы планы. У дзяржавы замова. Вы ёй павінны. Вы ёй павінны за бясплатную адукацыю. Гэта яна дала вам магчымасць вучыцца, а не бацькі, якія спраўна плацяць падаткі. Гэта яна – sacrum, дзеля якога ўсе мусяць ахвяраваць сваімі сем’ямі і жыццямі. Гэта яна – сэнс усяго гвалту, панурая суддзя, якая зачытвае прысуд.

У загон аднаго за адным, як быдла, заводзяць студэнтаў. Хто лепш вучыўся, той ідзе першым. Хто горш, той апошнім. Вялікі бенефіт – у першых больш шанцаў размеркавацца “ў дупу”, апошнія спадзяюцца, што месцы размеркавання скончацца перад імі. Дарма – рабы патрэбныя ўсюды.

Удыхнуў! Уваходжу напрыканцы. Рэктар. Куратар. Кіраўнічка аддзялення. Загадчыкі кафедраў ды іншыя. Мент… відаць, хоча ўзяць кагосьці ў мянтоўскае рабства. Хачу запытаць, ці бяруць нядобранадзейных, якім адносна нядаўна рукі круцілі, але стрымваюся. Імя. Прозвішча. Сямейнае становішча? Жанаты. Фірма? Прыватная. Няма дамовы. Пойдзеш да нас на ВЦ, лабарантам. Кажу, што сямейны, маю патрэбу ў грошах, а не ў нястачы працы. Усім трэба. Наступны. Выдыхнуў!

“Дамова”. У цябе ёсць дамова ці няма дамовы? Гэх, каб у мяне была дамова… Дамова становіцца чымсьці жаданым і недасяжным. Адміністрацыя каледжа шантажуе прыватныя фірмы, маўляў, калі яны хочуць, каб да іх адпусцілі моладзь, то яны павінны нешта “даць”: паставіць новы клас з кампутарамі, зрабіць рамонт, правесці комплекс заняткаў… Фірмы ў святле крызісу панура маўчаць. Часам, вядома, можна і проста “даць”. Напрыклад, рэктару. Але гэта яшчэ трэба ўмець: не кожнаму, хто спрабаваў, удалося – ого, цэлая навука!

“Няма дамовы”. Гучыць, як прысуд. “Няма дамовы”. Будзеш рабіць за 300 тысяч. “Няма дамовы”. Забудзься пра сваё жытло. “Няма дамовы”. Прыдумай, як будзеш вяртаць узяты крэдыт. “Няма дамовы”. Уяві сябе прадметам і прадайся як мага даражэй. Стань прастытуткай.

Пошук дамовы заключаецца ў пошуку “спонсара”, “дзядзечкі”, які гатовы ўкласці ў прыладу працы пад назвай “малады спецыяліст” 10 капеек, каб заўтра выціснуць з яго рубель. Чымсьці гэтая аперацыя падобная да прастытуцыі, хоць і няма (?) сексуальнага элементу.

У мяне няма дамовы. Я сямейны. Мне трэба грошы. Усім трэба грошы. Ім похуй. Мне таксама. Выдыхнуў…

Распавядаю пра ўсё. Няма каму шкадаваць – ва ўсіх тое самае. Кожны са сваёй бядою. Іду дадому. Вырашаю, што забяру дакументы з каледжа. Дыплом мне насамрэч не трэба. Маю працу, маю жыццё, маю хлеб. Можа, праз пару гадоў дакончу, а пакуль застануся з 9 класамі. Мне похуй. Галоўнае, што гэтыя “толькі 9 класаў” не адбіліся на маім худым бледным твары.

Распавядаю аднагрупніцы пра сваё рашэнне. Адгаворвае: “трэба рабіць, як усе”. Выю ад злосці. Ненавіджу размаўляць з слабымі – тады адчуваю і сваю слабасць, якая толькі шукае шляху, каб праявіцца, намовіць сумленне на здзелку. Мне похуй. Я сказал.

Вечар. Горад. Як справы? Усё кепска. Што кепска? Усё.

Гамана пра БНР, БССР ды іх палітычных прастытутак перарываецца доблеснай абслугай кавярні, якая раптоўна чуе нейкія крамольныя словы. Дарма, што не разумее іх сэнсу, але звінавачвае нас у незаконным палітычным зборышчы. Глядзім у яе мутныя вочы. Спачывай, чалавек, ты не прайшоў выпрабавання гвалтам.

Цёмна. Зоры. Шпацыр праспектам. Нас паглынае падземка. Зноў вайна. Жаўнер трывае – дзякуй. Я хачу верыць у выбраны шыхт, але не магу. Шыхт мусіць быць роўным, а ён не такі.

Дзе быў так доўга? У пекле. А сур’ёзна? Лепш не пытайся. Крыўда. Хачу спаць. А замест гэтага пішу гэты пост.

No Comments Yet »

No comments yet.

RSS feed for comments on this post. TrackBack URI

Leave a comment

Blog at WordPress.com.