Капішча

Верасень 28, 2008

Апавяданні бабулі пра вайну

Filed under: таталітарызм — biespartyjny @ 11:56 pm

Продкі мае з Калядзічаў, што пад Менскам. Тэрыторыя была ўжо даўно і па самыя гланды засаветызаваная: вакол калгасы, партработнікі і сталін у галаве. Адно ратавала, што менавіта ў гэтай вёсцы чамусьці не арганізоўвалі калгасаў (не было асабліва зямлі – “пашчасціла”). Прадзед мой – Антон – не паспеў эвакуявацца ў СССР і застаўся ў сваёй вёсцы чакаць наступных акупантаў. Дый дзякуй Богу, бо шмат тых эшэлонаў, якія пайшлі на Усход, былі разбітыя па дарозе нямецкай авіяцыяй.

Новы нямецкі парадак, вядома, запатрабаваў кваліфікаваных кадраў для падтрымкі тэхнічнай моцы Райха. Такім “кадрам” быў мой прадзед: яшчэ за Саветамі працаваў начальнікам чыгуначнай станцыі і наогул на тыя часы быў досыць адукаваным і цікаўным чалавекам. Таму нядзіўна, што яго новыя ўлады “аўтаматычна” перавялі на ўжо сваю пасаду загадчыка станцыі. А станцыя была вялікая, стаяла на шляху Берлін – Масква і была статэгічна важнай.

Сям’я жыла літаральна каля рэек, якія цягнуліся на фронт і неслі матэрыяльную падтрымку і жаўнераў біцца з савецкімі войскамі, у чырвоным драўляным доме, які і цяпер стаіць на тым самым месцы (праўда, насельнікі ўжо не тыя). Дом быў падзелены на дзве часткі: у адной жыў Антон са сваёй сям’ёй, а ў другой – ваенны камендант станцыі, якога прыслалі па лініі Вермахта. Сам ён быў чэхам, і мабыць не надта жадаў ліць кроў за нямецкую зброю. Але пра гэта пазней.

Кожная вайна неразрыўна звязаная са смерцю і палоннымі. Гэтая – не выключэнне. Зімой на станцыю пачалі прывозіць першыя вагоны з палоннымі савецкімі салдатамі. Усё болей і болей, усё новыя і новыя саставы… Неўзабаве нямецкія ваенныя ўлады пачалі выкідваць людзей проста на снег гурбамі… Адчынялі засаўкі і прыказвалі палонным класціся на снег, адзін на аднаго. Ставілі пару аўтаматчыкаў, каб пільнавалі патэнцыйных уцекачоў, і гналі кудысьці вызваленыя вагоны. Праходзіла гадзіна, дзве, тры… Потым прывозілі яшчэ палонных і кідалі іх на ўжо замерзлых. Бабуля кажа, што яшчэ праз пару дзён можна было пачуць стогны паміраючых людзей. Пэўна, пад цяжарам верхніх пластоў ніжнія адаграваліся і пачыналі ў паўпрытомнасці енчыць… Усё гэта адбывалася за пяць метраў ад вокнаў хаты Антона. Асабліва страшна было ноччу. Ці была гэта праява зверскасці фашыстаў? Думаю, не. Мабыць, гэта была праява практычнасці немцаў, бо вагоны ім былі патрэбныя для вайны, а з такой колькасцю палонных яны не ведалі, што рабіць. Бліцкрыг жа не ўдаўся… Гэта пасля ўжо Райх арганізуе шэраг канцэнтрацыйных лагераў у ваколіцах, каб утрымліваць захопленых людзей, а пакуль…

Аднойчы адзін з палонных наважыўся ірвануцца з гібельнай гурбы паўмёртвых людзей і пабегчы. Удалося. Немцы, якіх паставілі ахоўваць смяротнікаў, не наважыліся далёка адбягаць, каб іншыя не разбегліся. Пастралялі ўслед, але на шчасце не трапілі. Той уцякач потым схаваўся ў адной жанчыны і пасля вайны там і застаўся жыць. Варта выкарыстаць найменшы шанец, калі іншага няма.

Бабуля ўспамінае, як ехалі салдаты Трэцяга Райху на фронт. Эшэлоны з імі часта спыняліся для прыстанку ў Калядзічах. Як кажа бабуля, самымі вясёлымі і спакойнымі былі італьянцы. З імі можна было нават гуляць, яны гралі на губных гармошках, насілі капелюшы з пёрамі і частавалі цукеркамі. Немцаў жа варта было баяцца. Яны глядзелі на тутэйшых як на людзей нізкага гатунку і дазвалялі сабе і перацяць каму з беларусаў за нішто, і нават каго за якое ліха падстрэліць. І ўжо найстрашэннейшымі былі фармаванні СС. Калі яны спыняліся на станцыі, уся вёска хавалася па хатах, бо тыя дзеля забавы маглі страляць у мясцовых жыхароў, нават дзяцей… Салдаты Трэцяга Райху былі людзьмі.

Прадзед мой супрацоўнічаў з савецкімі партызанамі. Вядома, займаная ім пасада прадугледжвала веданне многіх патрэбных савецкім партызанам звестак. Часам гэтыя звесткі высылаліся, укладзенымі ў нейкую ручку, з дочкамі, якім давалі гэтую ручку і казалі аднесці аднаму родзічу, які жыў у суседняй вёсцы Шчытомірычы. Дзеці не здагадваліся, што яны неслі свайму дзядзьку, які быў сувязным у саветах. А бывала, што партызаны самі наведвалісяя да Антона. І хоць гэта падстаўляла ўсю сям’ю пад смерць, але партызаны слухаць нічога не хацелі. І вось аднойчы гэтыя ваякі прыйшлі да прадзеда, паставілі свае стрэльбы ў кут і селі за стол – есці (тыпу дабравольна, ага). Як на тое ліха, увайшоў да Антона камендант, той чэх, і ад убачанага абамлеў. Партызаны таксама. Пастаяў крыху, ды пайшоў моўчкі. Партызаны ад страху паджаўшы хвасты пахапалі свае ружжы ды пабеглі ў лес. А сям’ю, якую падставілі пад расстрэл, кінулі сам-насам змагацца з нясцерпным чаканнем. Неўзабаве прыйшоў той чэх… і сказаў: “Добра, Антон, што гэта я быў. А каб хто іншы?” і палэпаўшы па плячы пераляканага прадзеда, патупаў з хаты. Болей партызаны не наважваліся сюды з’яўляцца. Не чакай ласкі ад любых акупантаў.

А есці не было чаго, і партызаны пра гэта ведалі. Елі абчысткі бульбы, шукалі ў палях паўгнілыя бручкі, соль бачылі гады ў рады, елі ўсё, што расце.

Аднойчы праезны немец зайшоў у хату, дзе гуляліся Антосевы дзеці. Пачаў з імі цацкацца, пытацца, тыцкаючы пальцам у нябачаныя раней рэчы: “А гэта што? А гэта?” Дзеці спраўна адказвалі. Аж калі немец тыцнуў у расліну і адно з дзяцей радасна адказала “Фікус”, той раз’юшыўся. Дагэтуль не разумеем, што яму не спадабалася… Ці то ён паблытаў сказанае з раней недзе пачутым “выкусь”, ці што… Карацей, гэты фрыц пачаў строіць сям’ю, каб страляць. Дзякуй Богу, гвалт гэты пачуў камендант станцыі, які прыбег на дапамогу, доўга ўгаворваў немца не чыніць благога і ўрэшце ўгаварыў. Той толькі са злосці шпульнуў у печ, на якой і дагэтуль ёсць сляды ад тагачасных куляў.

Той чэх ведаў пра тое, што Антон перадае звесткі партызанам праз свайго родзіча. Аднойчы ён прыйшоў да яго і сказаў яму, што заўтра таго сувязнога немцы будуць “браць”, бо празналі пра яго дзейнасць. Вядома, прадзед адразу ж перадаў інфармацыю таму дзядзьку. А ў таго якраз у хаце размясціліся немцы. Пачаў ён думаць, як збегчы ўсёй сям’ёй з-пад іх носу? І прыдумаў: яны сказалі, што ў яго дачкі дзень народзінаў, і таму сёння ўвечары будзе гулянка. Дасталі гарэлкі, закалолі мяса… Зладзілі п’янку. Немцы ўсе панапіваліся да візгу. Тым часам дзядзька пагрузіў падводу рэчамі, пасадзіў сям’ю ды спакойна ўначы ўкаціў у бліжэйшы лес да партызан. Трэба думаць нестандартна.

Чэх той, як бачым, чалавекам быў добрым. Трапіў на вайну, відаць, не па ўласным жаданні. Часта ўзгадваў сваю сям’ю. І ўрэшце, пэўна, не вытрымаўшы нягодніцтва, якое чынілася вакол, пайшоў рубіць дровы і адсек там сабе руку. Каб камісавацца і паехаць дамоў. Контраразведка ў той дзень доўга бегала па станцыі і крычала, што чэха расстраляюць, бо ён трапіць пад трыбунал. Але неяк абыйшлося, і той паехаў дамоў. Заставаўся год да новай акупацыі. Заўжды ёсць шлях вызвалення ад пачварнасці. Толькі ці гатовыя мы плаціць цану?

У вёсцы жылі нямецкія салдаты, і хто-ніхто з беларусак гуляў з імі. Часта можна было ўбачыць тую-сюю ўвечары пад ручку з якім салдатам ці генералам. Але нядоўга бавіліся. Забілі партызаны. Знайшлі іх галовы на рэйках… Дарма, што пасля вайны ім пасмяротна далі ўзнагароды за выдатную выведніцкую дзейнасць… Не спяшайцеся ставіць крыж на людзях. Магчыма, яны вас яшчэ здзівяць.

На дачок нямецкі камісарыят і беларускія калабарацыйныя арганізацыі выдавалі паёк, які часта ратаваў нашу сям’ю ад смерці. І дагэтуль пасведчанне аб нараджэнні маёй бабулі пакрытае тоўстым пластом нямецкіх і беларускіх пячатак. Не вінавацьце калабарацыянераў. Яны рабілі, што маглі.

Як пачаўся захоп аколіцаў саветамі, пачалася “падрыхтоўчая апрацоўка” мясцовасці бомбамі. Здавалася, што бомбы рвуцца кожную хвіліну. Усе хаваліся па зямлянках і акопах. Зрэшты, цяпер ужо немцы нават пушчалі тутэйшых да сябе ў хованкі. Трэсліся, баяліся, як усе. Перад вобразам смерці людзі мяняюцца.

Антон перад бамбардзіроўкай усе рэчы з хаты перанёс у выкапаную дзеля гэтага зямлянку. Перанёс – і ў наступную бамбардзіроўку бомба трапіла роўна ў гэтае месца. У яго анічога не засталося, толькі голыя сцены… Не кладзі яйкі ў адзін кошык.

Калі ў вёску ўляцела савецкая кавалерыя, сярод коннікаў былі два стрыечныя браты маёй прабабкі. Тая выкапала нават з гэтай нагоды бутэльку гарэлкі, якую раней закапалі ад немцаў. Выпілі разам з імі, і тыя паскакалі далей. У той жа дзень яны загінулі. Не шкадуй рэчаў і грошай. Можа так стацца, што заўтра знікне той, каму яны могуць спатрэбіцца.

Антона пасля вайны, дзіва што не краналі. Не гледзячы, што быў “калабарацыянерам”. Мабыць, па партызанскай лініі рэабілітавалі.

Вільгельм Кубэ пра партызанаў

Filed under: таталітарызм, цытаты — biespartyjny @ 11:54 pm

Масавыя расстрэлы або паленне жанок і дзяцей не маюць нічога супольнага з гуманным вядзеннем вайны. Колькасць вёсак, знішчаных у часе вялікіх паліцэйскіх аперацыяў, перавышае колькасць вёсак, спаленых партызанамі… Калі такімі метадамі дзейнічаць і надалей, няма чаго разлічваць на ўціхаміранне краю… Карныя аперацыі часам пераўтвараюцца ў крывавыя оргіі… Дагэтуль, апроч абяцанняў, у якія не верыць ужо ніхто, мы практычна не даём нічога народам Усходу.

Рапарт Кубэ берлінскаму кіраўніцтву. Жнівень 1943 г.

Уключэнне інтэрфейсу беларускай лацінкай (Ubuntu 8.10)

Filed under: беларушчына, лацінка, мануал — biespartyjny @ 11:18 pm
  1. Дадаем беларускія пераклады ў сістэму: “System -> Administration -> Language Support”. Выбіраем “Belarusian”, інсталюем моўныя пакункі.
  2. Рэдагуем файл з азначэннямі лакальнасцяў. Для гэтага адчыняем “Gnome Terminal” (“Applications -> Accessories -> Terminal”) і ўпісваем наступны загад:

    sudo gedit /var/lib/locales/supported.d/be

    Падаўшы свой пароль, рэдагуем файл, каб той выглядаў такім чынам:

    be_BY.UTF-8 UTF-8
    be_BY.UTF-8@latin UTF-8

    Запісваем файл (“File – Save”).

  3. Генеруем файлы лакальнасцяў (упісваем у тэрмінальнай праграме):

    sudo dpkg-reconfigure locales

  4. Змяняем файл азначэнняў лакальнасцяў, даступных для пачатку сесіі (упісваем у тэрмінальнай праграме):

    sudo gedit /etc/gdm/locale.conf

    Змяняем радок:

    Belarusian(Belarus) be_BY@latin

    на

    Belarusian(Latin) be_BY.UTF-8@latin,be_BY@latin

    Запісваем файл (“File – Save”).

  5. Пераключаем “Gnome Desktop Manager”, папярэдне захаваўшы ўсю важную інфармацыю гэтай сесіі (сесія будзе забітая, і ты можаш страціць незапісаныя на дыск звесткі):

    sudo /etc/init.d/gdm restart

  6. Падчас уваходу ў новую сесію выбірай у спісе моваў “Belarusian (Latin)”. Увайдзі. Калі ўсё добра, ты ўбачыш інтэрфейс беларускай лацінкай.

Праверка беларускага правапісу для Aspell (Linux)

Filed under: беларушчына, лацінка, мануал — biespartyjny @ 6:13 pm

Спачатку трэба заінсталяваць слоўнікавыя файлы. Для ўладальнікаў Gentoo Linux ці ALT Linux можна проста заінсталяваць пакунак aspell-be праз сістэмныя сродкі, выканаўшы адзін з наступных загадаў:

$ sudo emerge aspell-be # для Gentoo Linux
$ sudo apt-get install aspell-be # для ALT Linux

Вядома, для гэтага трэба мець для гэтага дазвол: правільна наладжаны файл /etc/sudoers (ці можна проста зрабіць гэта, увайшоўшы ў сістэму, як карыстальнік “root”).

Нажаль, Ubuntu Linux пакуль не мае такога пакунка, а значыць, прыйдзецца крыху папрацаваць. Вось інструкцыя.

  1. Загружаем архіў з беларускім модулем праверкі правапісаў у хатні каталог карыстальніка (напрыклад, /home/user).
  2. Адчыняем праграму Тэрмінал (для Gnome: Alt+F2 – gnome-terminal – Enter).
  3. У адчыненым кансольным акне ўпісваем наступныя загады (пасля кожнага націскаем Enter):

    $ tar xvjf aspell5-be-0.01.tar.bz2 # распакоўваем архіў
    $ cd aspell5-be-0.01/ # пераходзім у каталог са слоўнікам
    $ ./configure # канфігуруем слоўнік для зборкі (кампіляцыі)
    $ make # збіраем (кампілюем) слоўнік
    $ sudo aptitude install checkinstall # упэўніваемся, што ў нас заінсталяваны патрэбны для канчатковай зборкі пакунак: уводзім пароль свайго карыстальніка і націскаем Enter
    $ sudo checkinstall # інсталюем слоўнік: уводзім пароль свайго карыстальніка і націскаем Enter

  4. Усё, слоўнік заінсталяваны. Цяпер можна ўключаць праверку правапісу ў усіх праграмах, якія працуюць з Aspell (а гэта большасць “родных” Unix-праграм новага пакалення).

    Напрыклад, у Тэкставым рэдактары GNOME, каб уключыць праверку нарматыўнага правапісу, трэба ў меню “Tools -> Specify Language” выбраць “Беларуская (SU)”, для “клясычнага” – “Беларуская (Беларусь)”. Пасля можна ўключыць аўтаматычную праверку правапісу: “Tools -> Automatic spell checking”.

LaTeX + беларуская лацінка

Filed under: беларушчына, лацінка, мануал — biespartyjny @ 6:00 pm

Каб пісаць лацінкай у дакументах LaTeX, трэба ў загалоўку ўпісаць:
\usepackage[utf8x]{inputenc}

Беларуская свядомасць

Filed under: беларушчына, цытаты — biespartyjny @ 12:03 pm

“Усе мы, роджаныя ў няволі, будучы з натуры беларусінамі, духоўна людзі робленыя, нейкім або нечым усьвядомленыя або загітованыя. Ніхто з нас ня можа сказаць, што нарадзіўся беларусінам, як родзяцца немцы, ангельцы, палякі, французы або тыя-ж расійцы. Кожнаму з нас, ужо вырасшы і навучыўшыся разважаць, павінен быў шукаць сваю нацыю, свайго месца ў сям’і народаў. Гэтага душэўнага перажываньня, гэтага шуканьня свайго нацыянальнага я ня ведаюць дзеці тых народаў, што не перажывалі нацыянальнай няволі. І ці-ж можам мы, у няволі роджаныя, духоўна скрыўленыя, увайсьці ў абяцаную зямлю адраджанае Белае Русі. Ці дажывомся мы да тае часіны, калі народ наш духоўна вернецца ў сваю родную краіну, каб усьцешыцца вялікаю радасьцю свайго уласнага нацыянальнага творчаства? Не, нам гэта не дано!”
“Хіба ж мы ня чуем кругом таго, што чуў Майсей у пустыні ад жыдоўства? “Нашто ты выманіў нас з Эгіпту? Там мы мелі свае хаты, поўныя гаршкі мяса, і хлеба было ў нас даволі, а тут мы і дзеці нашыя мром сьмерцю галодных?” А ці ня чуем мы цяпер, як з усіх бакоў кажуць: “Нашто нам тая Беларусь? Нашто нам кідаць тое, да чаго мы прывыклі? Мы тут маем свае хаты, сталы прыпынак, а там – барацьба, змаганьне, сьмех і зьдзекі, фараоны з войскам на калясьніцах і цёмная невядомая будучына!..” Але, слухаючы гэта, мацней сьціскаецца посах у руках і мацней адчуваецца прыходная няўхільнасьць [зямлі абяцанай].”

Язэп Лёсік. “Як яны пазналі сябе беларусінамі?”, 1922.

Blog at WordPress.com.