Капішча

Унутрыдзеяслоўнае ўтварэнне дзеясловаў

2.5.1. Унутрыдзеяслоўнае ўтварэнне і яго фарманты і заканамернасці. Яно здзяйсняецца як з дапамогаю прыставак, так і суфіксаў. Звычайна пры ўтварэнні новага дзеяслова з дапамогаю суфікса -ва- змяняецца яго граматычнае значэнне – значэнне трывання: прыстаўкавы дзеяслоў закончанага трывання пры далучэнні суфікса -ва- набывае значэнне незакончанага трывання і дадатковую семантыку паўторнасці: падскочыць – падскокваць, намачыць – намочваць, загаварыць – загаворваць.
Утварэнне прыстаўкава-суфіксавых дзеясловаў незакончанага трывання мае ў беларускай мове сваю яскравую адметнасць: у аснове іх перад складам з суфіксам -ва- выкарыстоўваецца толькі націскны гук [о] і не можа быць тут гука [а]: адмачыць – адмочваць, адкалоць – адколваць, выпрастаць – выпростваць, вытаптаць – вытоптваць, перамалоць – перамолваць. Гэтую заканамернасць захоўваюць і ўтвораныя ад гэтых дзеясловаў назоўнікі і дзеепрыслоўі: адмочваць і адмочванне, адмочваючы; адскокваць і адскокванне (ці адскок), адскокваючы.
Ад гэтых прыстаўкава-суфіксавых дзеясловаў незакончанага трывання з дапамогаю прыставак па-, на- ўтвараюцца суадносныя значэнням дзеясловы закончанага трывання; яны таксама захоўваюць гэты этымалагічны гук [о] пад націскам перад -ва-: засвойваць – пазасвойваць, заломваць – назаломваць, засольваць – назасольваць.
Узнаўленне, захаванне этымалагічнага [о] пры ўтварэнні дзеясловаў незакончанага трывання ад прыстаўкавых дзеясловаў закончанага трывання лічыць нормай акадэмічная “Граматыка беларускай мовы” (Т.1. Марфалогія. Мн., 1962. С. 335). Новая акадэмічная “Беларуская граматыка” (Ч.1. Фаналогія. Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск. Мн., 1985. С. 152) пацвярджае гэтую заканамернасць і ілюструе яе прыкладамі: абзваніць – абзвоньваць, абламаць – абломваць, выканаць – выконваць, падсаліць – падсольваць.
Аднак у слоўніках розных тыпаў – перакладных, тлумачальных, арфаграфічных – гэтая заканамернасць, на жаль, адлюстроўваецца па-рознаму і часта парушаецца: на месцы этымалагічнага “о” падаецца “а”, што ўласціва расійскай мове, а не беларускай. Напрыклад, у “Беларуска-рускім слоўніку” 1962 года бачым у адных выпадках натуральныя беларускія формы: дакалочваць несов. доколачивать, дакопваць несов. докапывать, дакошваць несов. докашивать, дакочваць несов. докатывать і пад.; у іншых – парушэнне гэтай заканамернасці: дакачваць несов. докатывать, даканчваць несов. доканчивать, скачваць несов. скатывать. Часам слоўнік, падаючы формы з чаргаваннем этымалагічнага “о” з “а”, кваліфікуе іх як ненарматыўныя: завалакванне см. завалаканне; завалаквацца см. завалакацца; завалакваць см. завалакаць; пахаджваць см. пахаджаць (пры спасылкавых формах гэтыя памылковыя не падаюцца). Напрыклад, пахаджваць см. пахаджаць; пахаджаць и паходжваць несов. похаживать, расхаживать”. У “Арфаграфічным слоўніку” (для сярэдняй школы) М.Лобана і М.Судніка (Мн., 1978) таксама бачым ненарматыўныя – паводле патрабаванняў сістэмы мовы – формы: заскакваць, завалакваць, падскакваць, устанаўліваць. Але ў такім разе і назоўнікі мусяць мець вось гэтакія формы: “заскак” (замест натуральнага “заскок”), “падскак”, “устанаўка” (замест “устаноўка”) і дзеяслоў у мінулым часе – “завалак” (замест “завалок”). У двухтомавым “Беларуска-рускім слоўніку” (1988-1989) з паралельных формаў (з націскным этымалагічным “о” і “а” ў складзе перад -ва-) бачым ненарматыўную форму, адпаведную ўсесаюзнаму стандарту [мая заўвага: рускай мове], – з націскным “а”, а заканамерная беларуская падаецца як другарадная. Напрыклад: падскокванне см. падскакванне, падскокваць см. падскакваць, падскокваючы см. падскакваючы.
Самы аўтарытэтны даведнік у галіне нармалізацыі мовы “Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнталогія. Словазмяненне” (Мн.: БелСЭ, 1987) улучае ў свой рэестр з нагаданых толькі формы з “о”: падскокванне, падскокваць. Аднак утварэнні з прыстаўкаю у- маюць ужо – на месцы націскнога “о” – літару “а”: ускакванне, ускакваць, а заканамерных формаў – ускокванне, ускокваць – ужо няма ў слоўніку. Атрымліваецца, што прыстаўка у- перакрэсліла тую заканамернасць, якая была ў вытворных з астатнімі ўсімі прыстаўкамі. А ці не зроблена гэта знарок, каб не разыходзіліся яны ў вымаўленні і напісанні націскнога складу з расійскаю моваю: ускакваць – вскакивать, ускакванне – вскакивание. Але ж, нагадаем, беларуская і расійская мовы маюць тут свае адметныя заканамернасці: у расійскай мове пры ўтварэнні формаў незакончанага трывання ад прыстаўкавых дзеясловаў закончанага трывання адбываецца мена націскнога (этымалагічнага) [о] на [а]: скосить (скосят) – скашивать, спросить (спросят) – спрашивать, упросить (упросят) – упрашивать. У беларускай мове такога няма: этымалагічны [о] не можа пераходзіць у націскны [а]: нарматыўныя тут формы: скошваць, зношваць, ускокваць, упрошваць, утойваць.
Прыстаўкава-суфіксавыя дзеясловы незакончанага трывання могуць утварацца не толькі праз далучэнне суфікса -ва-, але і менаю суфіксаў закончанага трывання -ы- (-і-) на суфікс незакончанага трывання -а- (-я-): адступіць – адступаць, адшчапіць – адшчапляць, вылучыць – вылучаць, заўважыць – заўважаць. Часта формы з суфіксам -а- (-я-) выступаюць як паралельныя да ўтварэнняў з суфіксам -ва-. Так іх кваліфікуюць і сучасныя беларускія слоўнікі: пахаджаць і паходжваць, закладаць і закладваць, залічаць і залічваць, запрашаць і запрошваць і пад. Такія ўтварэнні з суфіксам -а- (-я-) дазваляюць унікнуць памылковых формаў з націскным [а] замест [о]: устанаўляць, устанаўляцца замест памылковых устанаўліваць, устанаўлівацца; завалакаць, завалакацца замест завалаквацца, завалакваць.
Натуральнаю выступае ў беларускай мове і форма “скончваць” (ад “скончыць”), як і “канчаць” (ад “кончыць”), а не “заканчваць” (прыстасаванае “оканчивать”), якая парушае апісаную заканамернасць беларускай мовы: на месцы этымалагічнага [о] узнікае [а] (гэта заканамернасць расійскае мовы). Беларус кажа: “Пачаў і скончыў працу за дзень. Каб ты так скончваў заўсёды – было б добра!” Параўн.: “Свой успамін… стары ўдзельнік Усебеларускага з’езда закончваў аптымістычна: “Няхай будзе адзіная, светлая, вольная Беларусь і няхай жыве навекі!” (Арсень Ліс. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994. С. 192).
У перыядычным друку нярэдка парушаецца апісаная норма беларускай мовы пры выкарыстанні тых дзеясловаў, якія ў слоўніках падаюцца ў нарматыўнай форме: “Жывёлу будуць закапваць у зоне” (І.Шамякін. Злая зорка // Полымя. 1991. №2. С.33); “Не будзем спайваць народ” (Тамсама. С.50).
Часта ў друку парушаецца літаратурная норма і пры ўтварэнні прыстаўкавых дзеясловаў закончанага трывання ад базавых дзеясловаў, якія таксама маюць прыстаўкі. Напрыклад: Скрозь над вуліцай паразвесілі зялёныя каснікі бярозы, іх цэлы гай; Я раю тым празаікам, каб па жаданню ўласнаму яны сабе павыбралі зусім інакшы хлеб; Праўда, цяпер панарасло трохі маладых печнікоў; Пасплыло шмат з вадою і поту, і тлуму. Памылковасць формаў павытапчуць, панакорміць, павылезлі замест правільных павытоптваюць, панакормлівае, павылазілі паказваў Якуб Колас, адзначаючы моўныя хібы Міхася Лынькова “На чырвоных лядах”. У беларускай мове такія прыстаўкавыя дзеясловы ўтвараюцца ад прыстаўкава-суфіксавых дзеясловаў незакончанага трывання з суфіксам -ва- і абазначаюць працяглае дзеянне, якое паўтаралася шмат разоў і дасягнула пэўнага выніку (мяжы). У граматыках іх называюць дзеясловамі трэцяй трывальнай ступені, якія ўтварыліся ад другой трывальнай ступені. Гэта ў расійскай мове адпаведныя дзеясловы закончанага трывання (з прыстаўкаю по- і іншымі) утвараюцца, як правіла, ад прыстаўкавых дзеясловаў закончанага трывання, г.зн. ад першай трывальнай ступені: панакурить ад накурить, понавезти ад навезти.
Акадэмічныя беларускія граматыкі і слоўнікі тут фіксуюць толькі натуральныя беларускія формы. У мове нашых аўтарытэтных пісьменнікаў таксама бачым нарматыўныя формы: “Усе павылазілі з-за стала (Я. Колас). Перад жнівом першы клопат – назубіць сярпы, панапраўляць, панацягваць шыны на калёсы (В. Вітка)”. А вось у мове не надта дбайных да культуры мовы пісьменнікаў згаданая заканамернасць трывалага ўтварэння дзеясловаў нярэдка парушаецца.
Павел Сцяцко. Культура мовы. Мн: Тэхналогія. 2002. С. 42-44.

Адкалваць, адхапваць, выкапваць, падрабліваць, захапваць і падобныя формы не беларускія, расійскія. У беларускай мове падобныя дзеяслоўныя формы ніколі не падмяняюць асноўнага націскнога “о” гукам “а”; у нас кажуць: падскокваць, падношваць, прасмольваць, перапрошваць, выпалоскваць і г. далей, а не падскакваць, паднашваць, прасмальваць, перапрашваць, выпаласкваць і г. далей.
Язэп Лёсік. Рэцэнзія на кнігу: “М. Байкоў і С. Некрашэвіч. Члены Інстытута Беларускае Культуры. Беларуска-расійскі слоўнік. Дзяржаўнае Выдавецтва Беларусі, Менск – 1926. Стр. 356+IV. Цана 2 руб. // Язэп Лёсік. 1921 – 1930. Збор твораў. Мн: Логвінаў, 2003. С. 273

1 Comment »

  1. Aha. Skrušajusia. Dziakuj.

    Comment by Zołak — October 4, 2008 @ 1:46 pm


RSS feed for comments on this post. TrackBack URI

Leave a comment

Blog at WordPress.com.