Дык вось, ты малады мусульманін, які вырашыў, што фундаменталізм – гэта класна, а твае працавітыя бацькі моцна памыліліся, калі прыехалі сюды, знайшлі сабе працу, рвалі жылы, як сабакі, і ў выніку купілі вялізную прыватную хату, дзе ты сядзіш у сваёй спальні і разважаеш пра распусніц і няверных, апантаны ідэяй джыхаду. Ты мне падабаешся. Сапраўды падабаешся.
Увесь час вакол толькі людзі, якія цябе не разумеюць. Гляньма на першы сказ гэтага допісу. “Рвалі жылы, як сабакі”? Няўжо гэны дзядзька не ведае, што ў ісламе сабакі – нячыстыя жывёлы? Гэта неймаверная абраза, але калі ты яму адсячэш галаву, дык паліцыянты назавуць цябе злачынцам. Кепская справа.
Добра, пакіньма гэных сабак. Гэта быў толькі прыклад. Браце, не трэба мне галавы адсякаць. Ахалонь!
Кажу шчыра: я разумею, якім цяжкім можа быць жыццё, калі ты малады, здаровы, адукаваны, вольны, жывеш у дабрабыце – і цалкам апантаны рэлігіяй. Напрыклад, ёсць такая справа – сэкс.
Электронныя лісты ад Маміна Хавая ды іншых мясцовых тэрарыстаў густа праперчаныя ўзгадкамі пра гэта. Неяк Амар Хаям, малады брытанскі сябра лонданскай тэрарыстычнай групоўкі, звязанай з Хаваем, казаў пра бамбаванне начнога клуба. Ён хацеў забіць як мага болей “курваў”.
Разумееш, уся справа ў эвалюцыі. Так, я ведаю, што эвалюцыя – гэта д’яблава хлусня. Але… Табе 19 гадоў, і ўся твая праграма за 3,5 мільярды гадоў, укладзеная ў цябе эвалюцыяй, крычыць: “Ідзі патрахайся!” Але ты прыняў для сябе мараль, якую нават пурытане палічылі б надта дзіўнай, і цяпер ты абураешся толькі праз тое, што ўбачыў нейкую жанчыну, апранутую не ў мех для бульбы.
Яшчэ горай тое, што ты жывеш у краіне, дзе няма як абараніцца ад рэкламы “жорсткага порна з гарачанькімі курвачкамі”, якая трапляе ў тваю электронную скрыню. Не дзіва, што ты абураешся кожнага разу, як у цябе ўстае.
А яшчэ гэты файны прыватны дамок, у якім ты жывеш. Твае бацькі не лічаць, што гэта нешта нядобрае. Яны лічаць, што гэта боскі падарунак. Яны ВЕЛЬМІ ШМАТ працавалі, каб змагчы яго збудаваць. А цяпер ты сядзіш у сваёй спальні і думаеш: “Нашто гэта ўсё?” Усё гэтае багацце. Увесь гэны матэрыялізм. У жыцці ёсць важнейшыя рэчы, чым цяжкая праца, заработак і спажыванне.
Мноства іншых 19-гадовых маладзёнаў, якія ніколі нічога не ведалі, акрамя дабрабыту, думаюць так сама, як ты. Для 19-гадовых ідэалізм такі сама натуральны, як сэксуальная ўзрушлівасць.
Але яны не мусульмане. Іх не ўцягваюць у экстрэмісцкія арганізацыі. Ім не прапануюць поўны набор розных ідэй: “Смерць Ізраілю! Адновім Халіфат! У выраі нас чакаюць дзяўчаткі!” – сярод якіх можна знайсці як ідэалістычныя палітычныя памкненні, так і спадзяванні на оргіі пасля смерці.
Калі іншыя 19-гадовыя хочуць сцвердзіць сваю самасць, яны бадзяюцца па ўсёй Еўропе з заплечнікам і спяць з нямецкімі дзяўчатамі. Альбо робяць валантэрамі для “Oxfam“. А ты? Вучыш на памяць самыя агідныя ўрыўкі з Карану і плануеш улетку паехаць у Вазірстан вучыцца рабіць бомбы.
Ты быў улетку ў Вазірстане? Ага. Там нават няма кандыцыянераў, браце.
Дзеля чаго ўсё гэта? Думаеш, ты чагосьці дасягнеш тым, што падкладзеш бомбу пад бязвінных людзей? Наўрад ці. Ну, магчыма, ты сябе заб’еш, а значыць трапіш на оргію, але па-за гэтым нічога добрага не будзе. (Вядома, забойства бязвінных людзей – гэта таксама ліха, але ж ты кемлівы малы фанатык, якому вельмі проста абгрунтаваць патрэбу ў ліху. Таму працягнем размову на тваім узроўні).
Глядзі, ты кажаш, што табе ажно млосна ад думкі пра тое, што жаўнеры-крыжаносцы бадзяюцца па спрадвечнай зямлі мусульманаў. Ты хочаш спыніць умешванне Захаду ў справы ісламскага свету. Я таксама хачу гэтага! І яшчэ шмат іншых бязбожнікаў з Захаду. Але ты ж нічога дзеля гэтага не робіш. Наогул, прычынаю для яшчэ большага ўмешвання Захаду ў жыццё ісламскіх краін становіцца кожны выбух на Захадзе, арганізаваны якім-небудзь мусульманінам, якога вышкалілі ў Вазірстане.
Ёлуп! Адміністрацыя Буша не проста так абвесціла пра гэтую бязглуздую сувязь паміж атакамі 9/11 і Іракам. Прычына гэтага палягае ў тым самым, чаму аль-Каеда падтрымала Джона МакКейна.
Правыя з Захаду, якія цешацца з бамбавання чужынцаў, і ісламскія тэрарысты, якія таксама цешацца з бамбавання чужынцаў, ствараюць пэўнага кшталту сімбіёз. Яны адзін аднаго кормяць. Яны адзін аднаму патрэбныя. Хочаш яшчэ аднаго прэзідэнта ад рэспубліканцаў, які б скіраваў танкі ў ісламскую краіну? Тады, калі ласка, падкладзі бомбу пад які-небудзь супермаркет.
Калі ж ты гэтага не хочаш, адмоўся ад джыхаду. Прынамсі, ад гвалту. І тады няма ніякіх праблем. У заходнім грамадстве, мабыць, самай цудоўнай рэччу ёсць тое, што тут ніхто не забараняе быць ашалелым рэлігійным фанатыкам, пакуль ты не пойдзеш сячы іншым людзям галовы.
Табе варта пазнаёміцца з апантанымі хрысціянскімі фундаменталістамі. Яны таксама ашалелыя рэлігійныя фанатыкі, але, здаецца, не сякуць іншым галовы. Сур’ёзна, вам варта пагутарыць. Вы вельмі падобныя, хіба што пра гэта не ведаеце. Вы агідныя фанатычныя вар’яты. Яны таксама агідныя фанатычныя вар’яты. Вы б знайшлі шмат супольных тэмаў. Уяві, як бы гэта было цікава – спрачацца пра тое, каго з вас Міласэрны Бог вышле ў пекла на векі вечныя, каб вас там катавалі.
Што да мяне, я атэіст. Я лічу, што вы ўсе ашуканыя дзівакі. Але, вы з хрысціянскімі фундаменталістамі пагадзіліся б з тым, што атэісты, у тым ліку я, будуць на векі вечныя высланыя ў пекла смажыцца на ражне. Бачыш? Вы маеце шмат супольнага!
Але ключом да гэткага шчаслівага хаўрусу ёсць прыняцце права іншага на поўнае крэтынства. Верыш ці не, але гэта – а не вольная даступнасць парнаграфіі – ёсць асноваю заходняй цывілізацыі.
Калісьці даўным-даўно ў Еўропе каталікі і пратэстанты рэзалі адзін аднаго сотнямі тысяч. Гэта быў круты джыхад. На жаль, еўрапейцы крыху дурнаватыя, таму ім спатрэбілася некалькі стагоддзяў, каб усвядоміць, што ўсё гэта было дарэмна. Ім не ўдавалася вынішчыць усіх сваіх ворагаў. Вынікам святой вайны была адно нядоля, галеча і смерць.
З гэтага ўсведамлення пайшоў лібералізм. Некаторыя тлумачаць гэтую філасофію як “жыві і дазволь жыць іншым”, але ў рэчаіснасці гэта нешта кшталту “жыві і дазволь іншаму дзядзьку гарэць у пекле”. Ты можаш працягваць верыць у тое, што толькі твая вера праўдзівая і што іншых людзей, якія яе не прымуць, твой любімы бог асудзіць на вечныя пакуты. Проста трэба адкласці час гэтага прысуду і пакутаў на жыццё па смерці. А ў гэтым жыцці ты павінен павітацца са сваім суседам-паганцам, і тады мы ўсе мірна пойдзем рабіць свае штодзённыя справы.
Самае цудоўнае ў лібералізме тое, што ён сапраўды працуе. Еўропа за часоў святых войнаў была сапраўдным гармідарам. Ты б не захацеў там жыць. Сёння ў Еўропе ёсць парнаграфія ды іншыя рэчы, якія ты так ненавідзіш, але мільёны пабожных мусульманаў хочуць тут жыць. Дык, можа, усё не так блага?..
Ведаеш, што яшчэ? Ідзі патрахайся.
Гэта жарт! Я бязбожны жартаўнік!
Праўду кажу. Патрахайся.
Cool.
Comment by Zołak — November 16, 2008 @ 10:29 am