Дарота жыла пасярод шырокіх канзаскіх прэрыяў, зь дзядзькам Генры, фэрмэрам, і яго жонкай, цётачкай Эм. Іхная хатка была невялічкая,бо каб яе збудаваць, трэба было на фургоне везьці матэрыялы за шмат міляў. Хатка мела чатыры сьцяны, падлогу й дах, якія ўтваралі адзіны пакой. Тут стаяла выцьвілая кухонная пліта, буфэт на посуд, стол, тры-чатыры зэдлікі ды ложкі. Вялікі ложак дзядзькі Генры й цётачкі Эм стаяў у адным куце, а маленькі – Дароты – у іншым. Не было тут ані паддашша, ані склепу, толькі вузкая ямінка, выкапаная ў зямлі, якую называлі падвалам ад буры, дзе сям’я магла б схавацца, калі б раптам узьняўся такі моцны сьмерч, што змог бы раскрышыць любы будынак на сваім шляху. Туды вёў люк у падлозе пасярод пакою, празь які ўніз па драбінах можна было трапіць у малы цёмны падвал.
Стоячы ў дзьвярах і аглядаючы навакольле, Дарота магла ўбачыць адно толькі неабсяжныя шэрыя прэрыі, што разьлегліся з усіх бакоў. Ані дрэўца, ані хаціны – толькі шырокая прастора роўных аколіцаў, што наўсьцяж сягала небакраю. Узаранае поле пад сонцам пераўтварылася ў шэрае покрыва, падрапанае ў дробныя барозенкі. Нават трава была ўжо не зялёная, бо сонца выпальвала макушкі даўгіх сьцёблаў, аж пакуль яны ня сталі такімі шэрымі, якім было ўсё навокал. Калісьці Дароціна хатка была пафарбаваная, але пад сонцам фарба пакрылася пухірамі, дажджы змылі яе, і цяпер дамок стаў такім жа нудным і шэрым, як усё, чаго тут мог крануцца пагляд.
Цётачка Эм была маладой, прыгожай жонкай, калі пасялілася тут. Вядома, сонца й вецер зьмянілі яе. Яны забралі ў яе бляск вачэй, дадаўшы ў іх шэрасьці. Яны забралі ў яе чырвань шчокаў ды вуснаў, і цяпер яны таксама былі шэрымі. Яна была шчуплай ды панурай, і
ўжо ніколі не ўсьміхалася. Калі сірата Дарота ўпершыню прыехала да іх, цётачка Эм уздрыгвала ад дзіцячага сьмеху, магла закрычаць, прыклаўшы руку да сэрца, калі толькі радасны голас Дароты сягаў яе вушэй. Яна дагэтуль зьдзіўлена паглядала на маленькую дзяўчынку, бо не магла зразумець, што тая магла знайсьці сьмешнага ў гэтым месцы.
Дзядзька Генры ніколі не ўсьміхаўся. Ён працаваў з ранку да вечара й ня ведаў уцехі. Ён таксама быў шэры, ад даўгой барады да грубых ботаў. Ён выглядаў строга й паважна ды рэдка размаўляў.
Тато быў прычынай сьмеху Дароты. Гэта ён асьцерагаў яе, каб яна не пашарэла, як увесь навакольны сьвет. Тато ня быў шэрым. Ён быў маленечкім чорным сабачкам, з доўгаю шаўкавістаю поўсьцю й чорнымі вачыма, якія радасна сьвяціліся паабапал сьмешнага носіка. Тато бавіўся ўвесь дзень, а разам зь ім бавілася Дарота, якая вельмі яго любіла.
Аднак сёньня яны не гуляліся. Дзядзька Генры сядзеў на парозе й трывожна ўглядаўся ў неба, якое ў гэты дзень было шарэйшым за звычайнае. Дарота стаяла ў дзьвярох, трымаючы ў руках Тато, і таксама глядзела на нябёсы. Цётачка Эм мыла посуд.
Здаля, з поўначы яны чулі ціхае выцьцё ветру. Дзядзька Генры й Дарота маглі бачыць, як доўгая трава хвалямі хілілася долу перад бурай, якая насоўвалася на зямлю. Аднекуль з поўдню пачуўся тонкі сьвіст, і калі яны павярнулі галовы ў той бок, дык убачылі рабізну ў лузе.
Дзядзька Генры раптам ускочыў.
– Сюды ідзе бура, Эм,– клікнуў ён жонцы. – Я пайду пагляджу жывёлу.
Пасьля ён пабег да хлявоў, дзе ўтрымлівалі кароў ды коней.
Цётачка Эм кінула сваю працу й выйшла ў дзьверы. Ёй хапіла аднаго беглага позірку, каб зразумець, што небясьпека ўжо блізка.
– Хуценька, Дарота!– закрычала яна. – Бяжы ў падвал!
Тато скочыў з рук Дароты й схаваўся пад ложкам. Дзяўчынка пачала яго адтуль выцягваць. Перапуджаная цётачка Эм адкінула люк у падлозе і, зьлезшы па драбінах, зьнікла ў вузкай цёмнай яміне. Нарэшце Дарота ўхапіла Тато й кінулася да люку. Яна яшчэ не дабегла да яго, калі пачуўся нясьцерпны прарэзьлівы сьвіст ветру, хата моцна ўздрыганулася, і дзяўчынка, не ўтрымаўшыся на нагах, раптоўна прысела на падлозе.
І тут здарылася нешта дзіўнае.
Хата закружылася й раптам пачала павольна ўзьнімацца ў паветры. Дарота адчувала сябе так, калі б узьлятала на паветраным шары.
Вятры з поўначы й поўдню сустрэліся якраз у тым месцы, дзе стаяла хата й дзе цяпер утварыўся цэнтар сьмерчу. Наогул, у сярэдзіне сьмерчу амаль спакойна, але ад моцнага ціску ветру з усіх бакоў хата пачала ўзьнімацца вышэй і вышэй, аж пакуль не сягнула верху паветранага слупа.
Так яна ляцела, нібы пярынка, далёка, за тысячы міляў адсюль.
Было цёмна. Вакол страшэнна выў вецер, але Дарота не зусім перапуджалася, і яна нават падумала, што такое падарожжа было досыць мяккім. Дамок яшчэ пакружыўся крыху, аднойчы нават небясьпечна нахіліўшыся, але пасьля ўсё супакоілася. Дароце падавалася, як бы яе лагодна калыхалі, як немаўлятка ў калысцы.
Праўда, Тато быў незадаволены. Ён бегаў туды-сюды па пакоі ды гучна брахаў. Але Дарота сьцішана сядзела на падлозе й чакала, што будзе далей.
Аднаго разу Тато надта блізка падбег да адчыненага люку й зваліўся ў яго. Спачатку дзяўчынка спужалася, што яна згубіла сябра. Але потым яна заўважыла, як вуха Тато вытыркаецца зь люку. Сабачка вісеў у паветры, бо высокі ціск звонку не даваў яму паляцець долу. Яна падпаўзла да дзіркі, схапіла Тато за вуха ды, уцягнуўшы яго зноў у пакой, зачыніла люк, каб ня здарылася яшчэ якога ліха.
Ішла гадзіна за гадзінай, і Дарота патрошкі пачала забывацца пра свой страх. Але ёй было самотна, дый вецер сьвісьцеў вакол яе так гучна, што яна амаль аглыхла. Спачатку яна непакоілася, ці яна не расьцярушыцца на дробны мак, калі хата зноў упадзе. Але міналі гадзіны, нічога жахлівага не здаралася, і паступова яна перастала хвалявацца й вырашыла спакойна пачакаць, што ж будзе. Урэшце яна прапаўзла па хісткай падлозе да свайго ложка й легла ў яго. Тато, крыху счакаўшы, таксама падпоўз да Дароцінага ложка й лёг ля яе ног.
Не зважаючы на хістаньні хаты й выцьцё ветру, Дарота неўзабаве заплюшчыла вочы й заснула.
1. Бура
No Comments Yet »
No comments yet.
RSS feed for comments on this post. TrackBack URI