Капішча

2. Цень

Цень

Місіс Дарлінг закрычала, і ў гэты момант, нібы на званочак, адчыніліся дзверы і ўвайшоў Нана, які вярнуўся пасля вечаровага шпацыру. Ён узлавана гыркнуў ды кінуўся на хлопчыка, але той скокнуў праз акно. Зноў місіс Дарлінг закрычала, цяпер ужо ад страху за жыццё хлопца, бо яна падумала, што ён разбіўся. Яна стрымгалоў выбегла лесвіцаю на вуліцу, каб убачыць, што з ім здарылася, але хлопца там не было. Тады місіс Дарлінг зірнула ўгару, але нічога не ўбачыла праз покрыва ночы, толькі нейкі агменьчык, які падаўся ёй знічкаю.

Яна вярнулася ў дзіцячы пакой і ўбачыла там Нану, які трымаў зубамі нейкую рэч. Абглядзеўшы яе, маці зразумела, што гэта цень таго хлопчыка. Калі той скокнуў праз акно, Нана імгненна зачыніў раму. І хоць сабака не паспеў злавіць хлопчыка, але ягонаму ценю не ўдалося выскачыць з пакоя: акно бразнула, і ён ушчаміўся.

Вядома, місіс Дарлінг уважна абглядзела гэты цень, але не знайшла ў ім анічога незвычайнага.

Нана не ведаў, што рабіць са здабыткам. Таму ён вывесіў цень з акна, маўляў, хлопчык усё адно вернецца па яго, і таму трэба зрабіць так, каб ён змог узяць страчаную рэч, не турбуючы дзяцей.

Але, нажаль, місіс Дарлінг не магла пакінуць гэты цень вісець за акном, бо той быў падобным да бялізны і псаваў выгляд усяго дома. Спачатку яна падумала, што варта паказаць гэтую рэч містэру Дарлінгу, але ён у гэты час якраз сядзеў, абкруціўшы дзеля чысціні думак галаву ў мокры ручнік, і разлічваў выдаткі на зімовыя паліто для Джона і Майкла. Місіс было няёмка турбаваць яго ў такі момант. Дый яна добра ведала, што ён сказаў бы пра гэта:

- Усё праз тое, што ў нас сабака за няньку.

Таму яна вырашыла скруціць цень і адкласці яго далей у шуфлядку, да часу, пакуль не прыдасца зручны момант, каб распавесці пра ўсё мужу.

Зручны момант прыдаўся праз тыдзень, у тую пятніцу, пра якую яны, пэўна, не забудуцца праз усё жыццё. Вядома, гэта было пятніцаю.

- Я мусіла быць надзвычайна асцярожнай пятніцамі, – часта пасля казала яна свайму мужу, а Нана сядзеў з іншага боку і падтрымваў ейную руку.

- Не, не, – адказваў тады містэр Дарлінг, – я адказны за ўсё, што здарылася. Я, Джордж Дарлінг, вінаваты ва ўсім. “Mea culpa, mea culpa”, што значыць па-лацінску “мая віна”: у свой час ён атрымаў класічную адукацыю.

Так яны сядзелі ноч у ноч, успамінаючы тую фатальную пятніцу, пакуль кожная дробязь таго вечару не адбілася ў іх галовах ды, прайшоўшы вонкі, не праявілася на іх тварах.

- Калі б я не прыняла запрашэнне на абед ад суседзяў з дома нумар 27… – казала місіс Дарлінг.

- Калі б я не выліў мае лекі ў Нанаву міску…

- Калі б я прыкінуўся, нібы мне спадабаліся тыя лекі… – казалі заплаканыя вочы сабакі.

- Усё праз маю апантанасць вечарынамі, Джордж.

- Не, праз маё фатальнае пачуццё гумару, любая.

- Праз маё сур’ёзнае стаўленне да драбніцаў, дарагія гаспадары.

Пасля хтосьці адзін ці ўсе адначасна пачыналі плакаць. Нана — з думкі: “Так, сапраўды, яны не павінны былі браць сабаку за няньку”. І тады містэр Дарлінг праціраў насоўкаю вочы Наны.

- Гэны вылюдак! – крычаў тады містэр Дарлінг, і Нана брахаў у адказ. Але місіс ніколі не ўпікала Пітэра. Штосьці ў правым куточку яе вуснаў не дазваляла ёй зневажаць гэтага хлопчыка.

Яны сядзелі ў пустым дзіцячым пакоі, спрабуючы ўзгадаць усе падрабязнасці таго жахлівага вечару, які напачатку нічым не вылучаўся з шэрагу іншых вечароў і не быў багатым на падзеі.

Нана набраў вады, каб вымыць Майкла, і нёс малога на спіне.

- Я не хачу спаць, – крычаў хлопчык, нібы верыў, што яго енкі дапамогуць. – Не пайду, не пайду! Нана, яшчэ нават няма шасці гадзінаў. Слухай, я перастану цябе любіць, Нана. Я кажу табе, што не хачу мыцца, не хачу, не хачу!

Пасля ўвайшла місіс Дарлінг, у сваёй белай вечаровай сукенцы. Яна ўжо ўбралася, бо Вэндзі вельмі любіла глядзець на матулю ў гэтым строі, з каралямі, якія падарыў ёй Джордж. Місіс Дарлінг якраз надзявала на руку бранзалет, які яна пазычыла ў дачкі. Вэндзі падабалася пазычаць яго матулі.

Місіс Дарлінг заўважыла, як старэйшыя дзеці гуляюць, уяўляючы, нібы яны бацькі ды святкуюць нараджэнне Вэндзі. Джон у гэты момант прамаўляў:

- Я ўсцешаны, бо магу паведаміць Вам, місіс Дарлінг, што Вы цяпер маці, – казаў ён такім тонам, нібы сапраўды быў бацькам.

Вэндзі скакала ад шчасця, нібы сапраўды была матуляй.

Пасля ў іх нарадзіўся Джон, з асаблівай пыхай, бо гэта быў хлопчык. Потым з лазніцы прытупаў Майкл і папрасіў, каб яго таксама нарадзілі. Але Джон бязлітасна адказаў, што яны болей не хочуць дзяцей.

Майкл ледзь не заплакаў:

- Ніхто мяне не хоча, – прамармытаў ён, і, канечне, паненка ў вечаровай сукенцы не вытрымала такіх словаў.

- Я хачу, – сказала маці, – я так хачу трэцяе дзіця!

- Хлопчыка ці дзяўчынку? – спытаў Майкл, без асаблівай надзеі.

- Хлопчыка, – адказала матуля.

Тады ён ускочыў ёй на рукі. Хоць гэта было драбніцаю для містэра і місіс Дарлінгаў ды Наны, каб узгадваць пра гэта, але ж гэта быў апошні вечар Майкла ў гэтым пакоі.

Яны працягвалі корпацца ва ўспамінах.

- І тады я ўляцеў у пакой, нібы смерч, так? – казаў тады містэр Дарлінг, ушчуваючы сябе. Сапраўды, ён тады быў нібы смерч.

У яго было апраўданне. Ён таксама тады апранаўся для вечарыны, і ўсё было добра, пакуль справа не дайшла да ягонага гальштука. Дзіўная рэч, але гэты мужчына хоць ведаў усё пра акцыі і каштоўныя паперы, але ніколі не ўмеў завязваць вузлы. Часамі гальштук без праблем даваўся містэру Дарлінгу, але калі-нікалі было б спакайней для сямейнікаў, каб ён праглынуў сваю пыху ды
ўзяў ужо навязаны.

У гэты вечар здарылася менавіта так. Бацька ўляцеў у дзіцячы пакой з камячаным нягодным гальштукам, які ён трымаў у руцэ.

- Што здарылася, тату?

- Здарылася?! – загаласіў ён (так, менавіта загаласіў). – Гэты вузел немагчыма завязаць!

Ён пачаў кпіць:

- Не на шыі! На спінцы ложку! З дваццаць разоў я навязаў яго на тым ложку! Але ён не хоча завязвацца на маёй шыі, не! Не!

Яму здалося, што ён не вельмі ўразіў місіс Дарлінг, і таму ўпарта працягваў:

- Я цябе папярэджваю, маці, што калі гэтага гальштука не будзе на маёй шыі, мы сёння нікуды не пойдзем. А калі я не пайду сёння на гэтую вечарыну, я больш не пайду на працу. А калі я больш не пайду на працу, дык мы памрэм з голаду, а нашых дзяцей выкінуць на вуліцу.

Але і гэта не ўзрушыла місіс Дарлінг.

- Давай я паспрабую завязаць, любы, – сказала яна, і гэта сапраўды было тое, дзеля чаго ён прыйшоў. Пакуль яна навязвала яму гульштук, дзеці стаялі вакол ды глядзелі, як вырашаецца іх лёс. Іншы мужчына, пэўна, раззлаваўся б, што жонка змагла так хутка зрабіць гэта, але містэр Дарлінг быў не з такіх. Ён няўважна падзякаваў ёй, забыўся пра свой гнеў і ўжо праз хвілю танцаваў па пакоі, пасадзіўшы Майкла на карак.

- Як мы тады куляліся! – сказала цяпер, успомніўшы, місіс Дарлінг.

- Апошні раз у жыцці! – прастагнаў містэр Дарлінг.

- А помніш, Джордж, як Майкл раптам спытаў мяне: “Як ты мяне пазнала, мама, калі ўпершыню ўбачыла?”

- Вядома, помню.

- Яны былі такімі мілымі, праўда, Джордж?

- І яны былі нашымі, нашымі! А цяпер іх няма…

Гульба скончылася, калі з’явіўся Нана, бо, як на тое ліха, містэр Дарлінг натыкнуўся на сабаку, і яго штаны адразу абляпіліся поўсцю. Гэта былі не проста новыя порткі. Гэта былі ягоныя першыя штаны з тасёмкаю. Бацька ажно прыкусіў губу, каб стрымаць слёзы. Вядома, місіс Дарлінг абчысціла яго шчоткаю, але ён зноў пачаў казаць пра тое, што гэта была памылка — браць сабаку за няньку.

- Джордж, Нана проста цуд.

- Вядома, але мне часам здаецца, што ён ставіцца да нашых дзяцей, нібы да шчанюкоў.

- Не, любы, я пэўная: Нана ведае, што ў кожнага з іх ёсць свая душа.

- Не ведаю, – задуменна адказаў містэр Дарлінг, – не ведаю.

І менавіта гэты момант падаўся жонцы зручным, каб расказаць пра таго хлопчыка. Спачатку ён кпіў з яе расповеду, але, убачыўшы цень, задумаўся.

- Хоць я яго не ведаю, – сказаў ён, уважна абглядзеўшы рэч, – але гэта нейкі нягоднік.

- Мы абмяркоўвалі гэта, калі ўвайшоў Нана з Майклавымі лекамі, – сказаў містэр Дарлінг. – Нана, ты ўжо ніколі не прынясеш
бутэлечку з лекамі, і я вінаваты ў гэтым.

Хоць ён і быў моцным мужчынам, але, канечне, тады ён павёў сябе з тымі лекаў недарэчна. Калі ўжо казаць пра яго заганы, дык абавязкова трэба ўзгадаць пра тое, які ён быў пэўны ў тым, што праз усё сваё жыццё адважна прымаў лекі. Таму ў той момант, калі Майкл пачаў унікаць лыжкі, якую трымаў у зубах Нана, бацька ганебна сказаў: “Будзь мужчынам, Майкл”.

- Не буду, не буду! – засваволіў малы. Місіс Дарлінг выйшла з пакоя па шакаладку для малога, а тата вырашыў, што трэба быць непахісным.

- Маці, не распешчвай сына, – кінуў ёй бацька. – Майкл, калі я быў такім, як ты, я прымаў лекі без аніякіх нараканняў. Я казаў тады: “Дзякуй, мае добрыя тата і мама, што даяце мне мікстуры, якія робяць мне лепей”.

Ён сапраўды паверыў у гэта, і Вэндзі, апранутая ў сваю начную кашулю, таксама. Таму яна спытала, каб падбадзёрыць Майкла:

- Тыя лекі, якія ты часам прымаеш, тату, агіднейшыя, праўда?

- У сто разоў! – бясстрашна адказаў містэр Дарлінг. – І калі я яшчэ не згубіў сваю пляшачку, дык я зараз жа вып’ю іх, каб паказаць табе прыклад, Майкл.

Канечне, ён не згубіў яе. Замест гэтага цёмнай ноччу містэр Дарлінг залез на шафу ды схаваў там свае лекі. Пра што ён, праўда, не ведаў, дык гэта пра тое, што далікатная Ліза знайшла іх там ды паставіла на ягоным рукамыйнічку.

- Я ведаю, дзе яны, тату, – крыкнула Вэндзі, якая заўсёды любіла дапамагаць іншым. – Я прынясу твае лекі, – і яна пабегла. Тата нават не паспеў яе спыніць.

Містэр Дарлінг чамусьці адразу пачаў хвалявацца.

- Джон, гэта наймярзотнейшая дрэнь, – сказаў ён, уздрыгваючы. – Яна жахліва агідная, ліпкая ды салодкая.

- Тату, яна хутка скончыцца, – сказаў тады Джон, падбадзёрваючы бацьку.

У гэты момант у пакой убегла Вэндзі з лекамі, налітымі ў шклянку:

- Я спяшалася, як магла, – прамовіла яна, задыхаючыся.

- Нешта ты паспяшалася, – востра і помсліва кінуў бацька. – Спачатку няхай п’е Майкл.

- Не, спачатку тата, – запярэчыў Майкл, пачаўшы нешта падазраваць.

- Ты ж ведаеш, мяне можа званітаваць, – застрашаючы, адказаў містэр Дарлінг.

- Давай, тату, – напіраў Джон.

- Памаўчы, Джон!

Вэндзі ажно здзівілася:

- Я думала, табе лёгка выпіць гэтыя лекі.

- Не ў гэтым рэч, – адказаў бацька. – Рэч у тым, што ў маёй шклянцы болей лекаў, як у Майклавай лыжцы. – Ён ледзь не лопнуў ад пыхі: – Гэта справа гонару: я супраць несправядлівасці.

- Тату, я чакаю, – суха сказаў Майкл.

- Добра, што ты чакаеш: я таксама чакаю.

- Бацька — размазня, трасецца, як жэле.

- Не, гэта ты размазня.

- Я не баюся.

- Я таксама не баюся.

- Тады выпі гэта.

- Не, ты выпі.

Раптам да Вэндзі прыйшла бліскучая ідэя:

- Чаму б вам не выпіць лекі адначасова?

- Правільна! – падхапіў містэр Дарлінг. – Гатовы, Майкл?

Вэндзі ўголас адлічыла: “раз, два, тры”, Майкл выпіў лекі, але містэр Дарлінг выплюхнуў сваю мікстуру за спіну.

Майкл шалёна закрычаў, а Вэндзі ўсклікнула: “Тату!”

- Што значыць “Тату!”? – здзіўлена запытаў містэр Дарлінг. – Годзе скандаліць, Майкл. Я хацеў выпіць свае лекі, але я… я прамахнуўся.

Усе паглядзелі на яго нібы з агідаю.

- Слухайце, – працягнуў містэр Дарлінг, калі Нана пайшоў у лазніцу. – Я толькі што прыдумаў бліскучы жарт. Я вылью маю мікстурку ў Нанаву міску, і ён вып’е яе, падумаўшы, што гэта малако!

Лекі сапраўды былі белыя, нібы малако. Але ў дзяцей не было такога пачуцця гумару, як у іхняга бацькі, і таму яны з дакорам глядзелі на яго, пакуль той выліваў сваю пляшку ў Нанаву міску.

- Як смешна! – сказаў ён няпэўна. Але ніхто не наважыўся яго выкрыць, калі вярнуліся місіс Дарлінг і Нана.

- Наначка, любы, я наліў крышачку малачка ў тваю місачку, – сказаў ён, пагладзіўшы сабаку.

Нана завіхляў хвастом, падбег да міскі і пачаў хлябтаць. Раптам ён кінуў на містэра Дарлінга позірк, поўны тугі і крыўды. Па шчацэ сабакі пацякла вялізная слязіна, і ён папоўз у сваю будку.

Містэру Дарлінгу стала страшэнна сорамна за сябе, але ён не падаўся. У непрыемнай цішыні місіс Дарлінг абнюхала міску.

- О, Джордж, – усклікнула яна, – гэта ж твае лекі!

- Гэта быў толькі жарт, – пачаў адбрэхвацца бацька. Місіс Дарлінг суцяшала сваіх хлопчыкаў, а Вэндзі абдымала Нану. – Выдатна! – горка сказаў ён, – мне ўжо абрыдла лезці са скуры, каб у гэтым доме было весела…

Але Вэндзі працягвала абдымаць Нану. – Так! – закрычаў містэр Дарлінг. – Песці яе! Лашчы! Мяне б хоць раз хто пашкадаваў, палашчыў! Вядома, я не варты гэтага! Я ж усяго толькі карміцель, які носіць дадому грошы, не варты вашага жалю!

- Джордж, – папрасіла яго місіс Дарлінг, – не так гучна: цябе пачуюць слугі. – Хоць у доме працавала адна Ліза, але яны клікалі яе менавіта так – слугамі.

- Няхай! – адказаў ён неразважліва. – Няхай увесь свет ведае. Але я больш не дазволю гэтаму сабаку ані хвіліны панаваць у маім дзіцячым пакоі.

Дзеці заплакалі. Нана падбег да бацькі, спрабуючы палагодзіцца з ім, але той адштурхнуў сабаку. Містэр Дарлінг зноў адчуў сябе моцным мужчынам.

- Дарма, дарма! – пракрычаў ён. – Тваё месца — на падворку, і неўзабаве я пасаджу цябе там на ланцуг.

- Джордж, Джордж, – зашаптала місіс Дарлінг, – узгадай, што я табе казала пра таго хлопчыка.

Нажаль, ён не чуў яе. Ён хацеў паказаць усім, хто ў доме гаспадар. І калі Нану з будкі не выбавілі ягоныя загады, дык ён, скарыстаўшы добрыя словы, рэзка ўхапіў сабаку ды павалок яго з пакоя. Яму было сорамна, але ён не спыніўся. Усё праз яго эмацыянальную натуру, якая прагнула прызнання і ўвагі. Прывязаўшы сабаку на заднім двары, нягодны бацька вярнуўся і сеў у сенцах. Ён цёр пальцамі вочы, ледзь не плачучы.

Тым часам місіс Дарлінг у нязвыклай цішыні клала дзяцей спаць. Яна запаліла для іх начныя лямпы. Яны маглі чуць, як брэша Нана, і Джон закныхаў:

- Ён брэша, таму што бацька пасадзіў яго на ланцуг на двары.

Вэндзі была разумнейшай:

- Гэтак ён брэша не з таго, што няшчасны, – сказала яна. – Гэтак ён брэша, калі адчувае небяспеку.

Небяспеку!

- Ты пэўная, Вэндзі?

- Так, мама.

Місіс Дарлінг уздрыгнула і падыйшла да акна. Яно было добра зашчэпленае. Яна выглянула вонкі ды ўбачыла ноч і неба, абсеенае зоркамі. Яны абступілі дом, нібы цікавалі, што ж будзе далей, а адна ці дзве нават падміргнулі місіс Дарлінг, але тая не заўважыла гэта. Невядомы страх абхапіў яе сэрца. Праз слёзы яна выціснула з сябе:

- Я не хачу ісці сёння на тую вечарыну!

Нават Майкл, які напалову ўжо спаў, зразумеў, што яна ўстрывожаная, і спытаў:

- Мама, з намі можа здарыцца нешта благое, калі запаленыя начныя лямпы?

- Канечне, не, – адказала яна. – Яны — нібы матуліны вочы: абараняюць вас, пакуль мяне няма.

Пераходзячы ад ложка да ложка, яна пяяла ім чароўныя калыханкі. Малы Майкл абняў яе:

- Матуля, – заплакаў ён. – Ты цудоўная.

Гэта былі апошнія словы, якія яна пачула ад малога перад доўгім расстаннем.

Дом нумар 27 стаяў недалёка, некалькі ярдаў воддаль, але выпала досыць шмат снегу, і таму бацькі Дарлінгі павольна і далікатна прабіраліся праз яго, каб не запэцкаць сваіх чаравікаў. У гэты час яны былі адзінымі людзьмі на вуліцы, і ўсе зоры назіралі за імі. Зоркі, вядома, прыгожыя. Але яны не могуць ні на што паўплываць, толькі назіраюць за ўсімі праз усё сваё жыццё. Гэта ім пакаранне за нейкае злачынства, але ўжо ніводная зорка не памятае, за што. Гэта было вельмі даўно. Таму старыя зоры маюць шкляны позірк ды рэдка размаўляюць (а размаўляюць яны, падміргваючы), але маладыя яшчэ цікаўныя. Яны не вельмі любяць Пітэра, які часта падкрадаецца ззаду і спрабуе згасіць іх. Але яны вельмі любяць забавы і таму ў тую ноч былі на ягоным баку ды нецярпліва чакалі, калі дарослыя сыйдуць. І ў момант, калі дзверы дома нумар 27 зачыніліся за Дарлінгамі, на небасхіле ўсчалася мітусня, і найменшая ад усіх насельнікаў Птушынай дарогі зорка выкрыкнула:

- Пара, Пітэр!

No Comments Yet »

No comments yet.

RSS feed for comments on this post. TrackBack URI

Leave a comment

Blog at WordPress.com.