Капішча

1. Пітэр Пэн вярнуўся

Пітэр Пэн вярнуўся

Усе дзеці, акрамя аднаго, становяцца дарослымі. Яны хутка пра гэта даведваюцца, і Вэндзі не стала выключэннем. Аднойчы, калі ёй было толькі два гады, яна гуляла ў садзе і, сарваўшы кветачку, падбегла з ёю да сваёй матулі. Пэўна, яна цудоўна выглядала, бо місіс Дарлінг, прыклаўшы руку да свайго сэрца, усклікнула: “Ах, чаму ж ты не можаш заставацца такой назаўжды!” Хаця гэта было адзінае, што сказала маці на гэты конт, але з таго часу Вэндзі ўжо ведала, што яна мусіць стаць дарослай. Так, усе звычайна даведваюцца пра гэта ў два гады. У два гады ўсе жыццёвыя планы пачынаюць руйнавацца.

Яны жылі ў доме нумар 14. Да з’яўлення Вэндзі яе маці была адзінай гаспадыняй у сям’і. Яна была прывабнай рамантычнай паненкай, з салодкімі ўсмешлівымі вуснамі. Яе задуменная натура была падобная да дробненькіх скрыначак з загадкавага Ўсходу: адна ўкладзеная ў другую, і колькі б ты іх ні расчыняў, усё адно немагчыма было дасягнуць апошняй. На яе вуснах зіхцеў пацалунак, якога Вэндзі ніяк не магла ўхапіць, хоць ён быў зусім блізка, у правым куточку ўсмешкі матулі.

Містэр Дарлінг дамогся рукі сваёй жонкі такім чынам: шмат джэнтэльмэнаў, якія былі хлопчыкамі, калі місіс была дзяўчынкай, раптам адначасова зразумелі, што закахаліся ў яе, і пабеглі да яе дадому, каб зрабіць прапанову. Усе, акрамя містэра Дарлінга, які наняў экіпаж і першым ухапіў сваё шчасце. Ён авалодаў ёю цалкам, але яна пакінула сабе самую ўнутраную скрыначку сваёй душы і пацалунак. Ён не ведаў пра існаванне гэтай чароўнай скрыначкі, дый з часам перастаў марыць пра пацалункі. Вэндзі здавалася, што Напалеон на ягоным месцы ўсё-такі дамогся б свайго, але я магу ўявіць, як імператар без поспеху спрабуе зламаць адпор місіс Дарлінг і ўрэшце, не вытрымаўшы, у гневе выскоквае з пакою, ляснуўшы дзвярыма.

Містэр Дарлінг любіў выхваляцца перад Вэндзі, што яе маці не толькі кахае, але таксама паважае яго. Ён быў адным з тых адмыслоўцаў, якія, здавалася, ведалі ўсё пра акцыі і каштоўныя паперы. Вядома, такіх людзей няма, але было відаць, што містэр Дарлінг ведаў пра біржу амаль усё. Ён часта казаў, што акцыі растуць, каштоўныя паперы падаюць, і прамаўляў ён гэта так, што любая жанчына, якая стала б гэтаму сведкай, пачала б паважаць яго.

Місіс Дарлінг на сваім вяселлі была ў белым строі. Ад пачатку яна лёгка вяла сямейную бухгалтэрыю, нават з асалодаю, як бы гэта была нейкая гульня, але не найлепшым чынам, бо з іх сямейнага рацыёну знікла брусэльская, а пасля іншыя гатункі квяцістай капусты. Затое замест яе пачалі з’яўляцца малюнкі немаўлятаў без твараў. Місіс Дарлінг малявала іх, калі была цяжарнай. Гэтак яна спрабавала здагадацца, якімі будуць яе дзеці.

Спачатку на свет з’явілася Вэндзі, пасля Джон і, нарэшце, Майкл.

Праз тыдзень-два пасля нараджэння Вэндзі адбылася цяжкая размова пра тое, ці змогуць бацькі пакінуць яе пры сабе, бо яна ж была яшчэ адным ратом, які трэба было карміць. Містэр Дарлінг надзвычайна ганарыўся дачкою, але ўсё адно спрабаваў не выказваць ніякіх пачуццяў. Ён прысеў на краі ложку місіс Дарлінг, а тая ўмольна глядзела на яго. Трымаючы жонку за руку, містэр Дарлінг падлічваў выдаткі. Яна жадала рызыкнуць, пакінуць дачку ў сям’і – а ўжо ж нешта будзе! – але гэткая безразважнасць была неўласцівай яе мужу. Яму было ўласціва сесці з алоўкам ды аркушам паперы і ўсё пралічыць. І калі місіс Дарлінг збівала яго сваімі падказкамі, ён паўтараў нясцерпныя ёй разлікі наноў.

- Толькі не перашкаджай,- прасіў ён жонку.

- Маю фунт і сямнадцаць тут, два фунты і пяць у офісе. Я магу зэканоміць на каве ў офісе, скажам, дзесяць шылінгаў, атрымліваем дзвесце дзевяноста шэсць. З тваймі васямнаццаццю і трыма маем трыста дзевяноста сем. Дадаем пяцьсот з маёй чэкавай кніжкі, маем васямсот дзевяноста сем — хто там корпаецца? — васямсот дзевяноста сем, запамінаем сем — маўчы, любая — фунт, які ты пазычыла чалавеку, які нядаўна прыходзіў — цішэй, малое — дадаем і запамінаем малое — цьху, я збіўся! — я сказаў дзевяцьсот дзевяноста сем? так, я сказаў дзевяцьсот дзевяноста сем. Значыць, трэба адказаць на пытанне: ці зможам мы пратрымацца год за дзевяцьсот дзевяноста сем?

- Канечне, мы зможам, Джордж,- усклікнула яна. Але маці была прадузятай на карысць Вэндзі, дый галавой сям’і быў муж, а не яна.

- Мы забыліся пра свінку,- пагрозліва нагадваў ён і працягваў.- На свінку залічваю адзін фунт, але я пэўны, што яна запатрабуе яшчэ з трыццаць шылінгаў зверху — маўчы — за адзёр трэба адзін і пяць, краснуха – паўгінэі, атрымліваем дзвесце пятнаццаць і шэсць — не махай пальцам — на коклюш выдаткуем, напрыклад, пятнаццаць шылінгаў…

Гэтак паўтаралася і паўтаралася, і кожнага разу называліся іншыя сумы. Але ўрэшце рэшт Вэндзі прайшла выпрабаванне, калі выдаткі на свінку былі зменшаныя да дванаццаці і шасці, а адзёр ды краснуха былі прызнаныя за адну хваробу.

Такія ж хваляванні чакалі місіс Дарлінг, калі вырашалі лёс Джона, а пазней – Майкла, які ледзь-ледзь прайшоў гэткае выпрабаванне. Аднак у выніку абодвух пакінулі ў сям’і, і праз некаторы час на вуліцы можна было ўбачыць, як яны ўтрох ланцужком крочылі ў пачатковую школу Фалсам, у кампаніі свайго нянькі.

Місіс Дарлінг любіла, калі ўсё робіцца, як у людзей, а містэр Дарлінг імкнуўся быць падобным да сваіх суседзяў. Таму яны, канечне, ўтрымлівалі няньку. Але яны былі такімі беднымі, што нават лічылі, колькі малака выпіваюць дзеці, і таму іх нянькам быў падцягнуты сабака заводу ньюфаўндлэнд, якога звалі Нана. Ён быў нічыйным, пакуль Дарлінгі не ўзялі яго да сябе. Ён заўсёды лічыў, што дзеці — перад усім. Дарлінгі пазнаёміліся з Нанам у Кенсінгтонскіх садах, дзе сабака бавіў вольны час, падглядваючы ў дзіцячыя вазкі. Яго не любілі нядбайныя нянькі, якіх ён часцяком праваджаў дадому і там скардзіўся на іхнюю неруплівасць матулям. Наогул, гэта быў не нянька, а надзвычайны скарб. Нана выдатна пільнаваў малых, калі тыя мыліся, падхопліваўся пасярод ночы нават ад ледзь чутнага плачу кагосьці са сваіх гадаванцаў. Канечне, ягоная будка стаяла ў дзіцячым пакоі. У Наны быў дар: ён лёгка адрозніваў кашаль, на які не варта звяртаць увагі, ад кашлю, які трэба як мага хутчэй лячыць. Праз усё сваё жыццё ён верыў у цудадзейнасць такіх старамодных сродкаў, як узвар з рамонкаў. Калі ён чуў гэтыя навамодныя размовы пра мікробаў, дык адно толькі незадаволена бурчэў.

Наогул, можна было вучыцца правілам прыстойнасці, гледзячы, як Нана вядзе дзяцей у школу, паважна ідучы пры іх, калі яны добра сябе паводзілі, і ўпіхваючы назад у ланцужок таго з малых, хто не трымаўся астатніх. За ўвесь час Нана ні разу не забыўся ўзяць швэдар Джона, калі ў той дзень у хлопчыка была трэніроўка. Таксама гэты сабака звычайна нёс у зубах парасон на выпадак, калі раптам пачнецца дождж.

У падвале школы быў адмысловы пакойчык, у якім нянькі чакалі сваіх гадаванцаў. Яны сядзелі на лаўках, а Нана ляжаў на падлозе. Гэта, мабыць, было іх адзіным адрозненнем. Нянькі ўдавалі, быццам не звяртаюць на сабаку ўвагі, як бы той быў нявартым іх. Нана ж не пераймаўся і толькі пагардліва слухаў іхныя бязглуздыя размовы.

Ён злаваўся, калі нехта з Дарлінгавых сяброў наведваў дзяцей. Але калі ўжо да гэтага ішло, тады спачатку Нана мяняў Майклаву кашулю на новую, з сінім паскам, прыгладжваў Вэндзі і прылізваў валасы на галаве Джона.

Мабыць, няма такой нянькі, якая б вяла справы лепш за гэтага сабаку, і містэр Дарлінг гэта цудоўна разумеў. Праўда, калі-нікалі ён крыху пераймаўся тым, што кажуць суседзі.

Ён вельмі клапаціўся пра сваю рэпутацыю сярод гараджанаў.

Да таго ж часам містэру Дарлінгу здавалася, што Нана не надта паважае яго. “Я ведаю, што ён цябе надзвычайна паважае, Джордж”, – запэўнівала тады яго жонка, ледзь заўважна даючы знак дзецям, каб тыя былі асабліва ветлівымі з бацькам.

Калі-нікалі ў іх ладзіліся цудоўныя танцы, на якія з слугаў маглі запрасіць толькі пакаёўку Лізу. Яна была такой маленечкай у сваёй даўгой спадніцы і чапцы, нібы малое дзіця, хоць калі наймалася на працу, дык бажылася, што мае ўжо дзесяць гадкоў. Якімі цудоўнымі былі тыя танцы! Самай вясёлай, канечне, была місіс Дарлінг, якая вырабляла такія шалёныя піруэты, што ў яе постаці можна было разглядзець толькі пацалунак на вуснах, і калі ўглядзецца, дык, здавалася, ён зараз зляціць і дастанецца табе. Мабыць, гэта была найшчаслівейшая сям’я ў свеце, пакуль не з’явіўся Пітэр Пэн.

Місіс Дарлінг упершыню пачула пра Пітэра, калі парадкавала думкі дзяцей. Гэта звычайны занятак кожнай дбайнай матулі. Калі дзеці засынаюць, маці выграбае ўсе іхнія думкі і роўненька складвае для наступнай раніцы, выстаўляе на палічках усё, што хвалявала ўдзень малых. Калі б ты прачнуўся ў такі час (але, канечне, ты не зможаш), дык убачыў бы, як твая матуля робіць тое сама. Было б цікава на гэта паглядзець. Цікава, быццам прыборка ў шуфлядах. Пэўна, ты ўбачыў бы, як маці стаіць на каленках, схіляючыся над тваймі думкамі, і ўглядаецца ў нейкі кавалачак свядомасці; здзіўляецца, дзе ты мог нахапацца такіх думак; знаходзіць прыемныя і не вельмі прыемныя рэчы; з пяшчотай прыціскае нешта да шчакі, нібы мяккае кацяня; штосьці паспешліва хавае падалей ад вачэй. І калі раніцою ты прачынаешся, дык бачыш, што ўсе свавольныя і нядобрыя памкненні, з якімі ты клаўся спаць, шчыльна спакаваныя і пакладзеныя на донцы тваёй свядомасці, а на самым версе ляжаць твае найлепшыя думкі, цудоўна прасушаныя і праветраныя, гатовыя для апранання.

Не ведаю, ці бачыў ты калі-небудзь мапу свядомасці чалавека. Дактары лёгка рысуюць мапы іншых частак твайго цела, часам вельмі цікавыя. Зусім іншая рэч — мапа пераплеценых дзіцячых думак, якую стварыць надзвычай цяжка. На ёй шмат ламаных лініяў, падобных да графіка тэмпературы ў тваёй карце хваробаў. Гэта, мабыць, дарогі праз выспу (а Ніколія, як вядома, заўсёды падобная на выспу). На гэтай мапе можна ўбачыць дзіўныя каляровыя плямы, каралавыя рыфы, быстраходны карабель у затоцы, дзікуноў, самотныя логвішчы, гномаў-шаўцоў, пячоры, праз якія цячэ рака, каралеўну з шасцю братамі, закінутую хацінку ды нейкую драбнюсенькую бабульку з кручкаватым носам. Нарысаваць такую мапу было б няцяжка, калі б тут не было таксама першага дню ў школе, рэлігійных заняткаў, бацькоў, рыбінага тлушчу, вышыўкі, забойстваў, драпіроўкі, клічнага склону, дню шакаладнага пудынгу, падцяжак, слова “жыццесцвярджальнасць”, суседскага шчанюка, трох пэнсаў за тое, што сам сабе выдраў малочны зуб, кпінаў аднакласнікаў, цацачнай чыгункі з крамы, сцізорыка, і так далей, і так далей. Да таго ж невядома, ці трэба ўсё гэта змясціць на адной мапе!.. Няцяжка штосьці пераблытаць, дый усё адначасна рухаецца туды-сюды і замінае рысаванню.

Вядома, ёсць шмат розных Ніколіяў. Напрыклад, у Джонавай Ніколіі была лагуна, па-над якой лёталі фламінгі, і ў іх страляў Джон. У Майклавай Ніколіі, наадварот, быў фламінга, па-над якім лёталі лагуны (мабыць, таму што Майкл быў яшчэ маленькім хлопчыкам). Джон жыў у перакуленым чоўне, які ляжаў на пяску, Майкл – у вігваме, Вэндзі – у доме з лісця. У Джона не было сяброў, да Майкла яны прыходзілі ўначы, а ў Вэндзі быў ручны воўчык, якога кінулі бацькі. Зрэшты, усе гэтыя Ніколіі мелі сямейнае падабенства, і калі б іх можна было паставіць у адзін шэраг, дык пра іх кожны сказаць бы, што ў іх, прыкладам, аднолькавыя насы. Да гэтых чароўных берагоў адзін за адным падводзяць свае чоўны малыя дзеткі. Мы таксама калісьці былі там. Мы дагэтуль часам чуем гукі тамтэйшага прыбою, але ўжо ніколі не прытарнуем да той выспы.

З усіх чароўных краінаў Ніколія, мабыць, самая ўтульная: не надта вялікая і не распасцёртая, шчыльна запоўненая прыгодамі, каб не трэба было пераадольваць кіламетры, каб знайсці яшчэ цікавостак. Калі ты ўдзень трапляеш у гэтую краіну, схаваўшыся пад зэдлем, пакрытым абрусам, гэта не так моцна ўзрушвае, але за дзве хвіліны да сну ў святле начной лямпы Ніколія раптам становіцца рэальнасцю.

Аднойчы, калі місіс Дарлінг зноў вандравала ў думках сваіх дзяцей, яна напаткала нешта незразумелае. З усіх знаходак яе найбольш збянтэжыла слова “Пітэр”. Маці не знала Пітэра, але ён усё ж быў – часта ў думках Джона і Майкла яна знаходзіла згадкі пра яго, а ў свядомасці Вэндзі гэтае імя наогул было накрэмзана паўсюль. Яно было напісана большымі літарамі, чым іншыя словы, і чым уважлівей місіс Дарлінг узіралася ў яго, тым больш яно падавалася падазрона задзірлівым.

- Так, ён досыць задзірлівы, – са шкадаваннем пацвердзіла Вэндзі здагадку маці.

- Але хто ён, любая?

- Яго зваць Пітэрам Пэнам, мама. Ці ж ты яго не знаеш?

Адразу місіс Дарлінг не ўспомніла, але пазней усё ж узгадала са свайго дзяцінства пра Пітэра Пэна, які, быццам, жыў з фэямі. Пра яго распавядалі дзіўныя гісторыі, напрыклад, пра тое, што калі памірае дзіця, Пітэр праводзіць яго да выраю, каб малому не было страшна. Калісьці місіс верыла ў існаванне гэтага хлопчыка, але цяпер, калі яна ўжо пабралася з мужам і мела безліч клопатаў, яна не магла даць гэтаму веры.

- Усё адно ён павінны быў ужо пасталець, – запярэчыла яна Вэндзі.

- Не, ён жа не расце, – з упэўненасцю адказала дачка, – і ён такі ж, як я.

Яна мела на ўвазе, што ён быў такім жа, як яна, і памерам, і розумам. Праўда, яна не ведала, адкуль узялася яе пэўнасць, але яна проста ведала.

Місіс Дарлінг паспрабавала параіцца на гэты конт з мужам, але той толькі пакпіў з яе.

- Запомні мае словы, – сказаў ён, – гэта проста нейкая лухта, якую ім уклаў у галаву Нана. Гэта вельмі падобна на думкі сабакі. Не пераймайся ды не звяртай увагі, і яно хутка само знікне.

Але гэтыя думкі не зніклі, і неўзабаве гэты свавольны хлопчык прымусіў місіс Дарлінг моцна панервавацца.

У думках дзяцей пачалі з’яўляцца ўспаміны пра вельмі дзіўныя прыгоды, якія, зрэшты, іх не пужалі. Яны расказвалі пра гэта мімабегла, нібы тут не было анічога надзвычайнага. Але аднойчы бацькі знайшлі крыху лісця з дрэваў на падлозе дзіцячага пакою, якога дакладна яшчэ не было, калі малыя пайшлі спаць. І ў момант, калі місіс Дарлінг загадкава ўзіралася ў іх, да яе падыйшла Вэндзі і са спакойнай усмешкай сказала:

- Я ўпэўненая, што гэта зноў Пітэр!

- Што ты маеш на ўвазе, Вэндзі?

- У яго ёсць кепская звычка – не выціраць ногі, – уздыхнула Вэндзі. Яна была акуратным дзіцём.

Яна ўпэўнена патлумачыла, што Пітэр часам завітвае да іх у пакой уначы і, прысеўшы на краі ейнага ложку, грае на сваёй жалейцы. Нажаль, яна ніколі не прачыналася ў гэты час і не ведала, адкуль узялася яе пэўнасць, што ўсё было менавіта так, але яна проста ведала.

- Ты кажаш нейкую бязглуздзіцу, дарагая. Ніхто не можа ўвайсці ў дом, не пастукаўшы ў дзверы.

- Мне здаецца, ён уваходзіць праз акно, – адказала яна.

- Дзіцятка маё, гэта ж трэці паверх.

- Ці не было лісця ля акна, мама?

Сапраўды, яго знайшлі блізка да падаконня.

Місіс Дарлінг не ведала, што думаць, бо ўсё гэта для Вэндзі было такім натуральным, што нельга было проста абвергнуць яе словы, сказаўшы, што яна мроіць.

- Дзіцятка маё, – усклікнула маці, – чаму ж ты не казала мне пра гэта раней?

- Я забылася, – легкадумна адказала Вэндзі, якая ўжо спяшалася на кухню па сняданак.

Не, усё ж, мабыць, яна проста мроіць.

Як бы ні было, але гэтае лісце сапраўднае! Маці яшчэ раз прыглядзелася да яго. Гэта было звычайнае лісце з дрэва, але яна была пэўная, што такіх дрэваў няма ва ўсёй Англіі. Яна абглядзела ўсю падлогу са свечкай, шукаючы слядоў ног незнаёмца. Яна пабразгала качаргою ў коміне і прастукала ўсе сцены. Яна выкінула стужку з акна на брукаваную вуліцу, і тая звісла амаль на трыццаць футаў, што было занадта высока, каб ускараскацца сюды.

Усё адно Вэндзі проста мроіць.

Але Вэндзі не мроіла, і гэта стала відавочным у наступную ноч. Менавіта гэтая ноч сталася пачаткам надзвычайных прыгодаў нашых маленькіх герояў.

Вечарам, пра які я распавяду, дзеці, як заўсёды, ляжалі ў ложках. Гэты дзень быў выходным для Наны, і місіс Дарлінг сама вымыла малых, а пасля праспявала ім песень, аж пакуль адзін за адным дзеці не паляцелі ў краіну сноў.

Усё было такім утульным і бяспечным, што цяпер матулі стала смешна ад сваіх страхаў, і яна, супакоеная, прысела ля коміну, каб пашыць.

Яна шыла падарунак на дзень народзінаў Майкла, кашульку. Ад агню павівала цеплынёю, і пакой быў ахутаны прыцемкам, які ішоў ад трох начных лямпаў, і таму неўзабаве шыццё легла на калені матулі. Павольна схілілася яе галава. Яна заснула. Гляньма на іх чатырох: Вэндзі і Майкл там, Джон тут, а місіс Дарлінг ля агню. Пэўна, не стае чацвёртай начной лямпачкі.

Яна бачыла сон. Яна мроіла, як Ніколія падплыла зусім блізка, і як нейкі дзіўны хлопчык вырваўся адтуль. Ён не спужаў яе, бо ёй здавалася, што яна раней яго ўжо бачыла, у тварах бяздзетных жанчын. Пэўна, яго можна было б убачыць нават у тварах некаторых маці. У ейных мроях ён прадраў покрыва, якое аддзяляе гэты свет ад Ніколіі, і яна ўбачыла, як Вэндзі і Майкл заглядваюць туды праз дзірку.

Яе мроі можна было б назваць драбязою, але ў гэты час расчынілася акно ў дзіцячы пакой, і нейкі хлопчык саскочыў на падлогу. З ім уляцеў дзіўны агменьчык, меншы за твой кулачык, які, як жывы, шмыгаў па пакоі. Мабыць, менавіта ён абудзіў місіс Дарлінг.

Яна прачнулася з крыкам, але ўбачыла хлопчыка, і нейкім чынам зразумела, што гэта Пітэр Пэн. Калі б ці я, ці ты, ці Вэндзі бачылі б гэта, дык, пэўна, заўважылі б, што ён быў вельмі падобным да пацалунку місіс Дарлінг. Гэта быў прыемны хлопчык, апрануты ў лісце з дрэваў, але найбольш вабіла ў ім тое, што ў яго былі на месцы ўсе пярэднія зубы. І калі ён убачыў, што яна ўжо дарослая, ён праскрыгатаў.

No Comments Yet »

No comments yet.

RSS feed for comments on this post. TrackBack URI

Leave a comment

Blog at WordPress.com.